82-гадовы прэзідэнт Алжыру Абдэлязіз Бутэфліка, які кіруе краінаю з 1999 года і апошнія гады пасля інсульту перасоўваецца выключна на інвалідным вазку, пасля масавых пратэстаў перадумаў балатавацца на чарговы прэзідэнцкі тэрмін.
Мы ж з гэтай нагоды вырашылі паглядзець, хто з сённяшніх прэзідэнтаў кіруе краінамі найдаўжэй.
Першае месца ў спісе займае прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Обіянг, які заступіў на прэзідэнцкую пасаду ў далёкім 1979 годзе. Улетку 76-гадовы кіраўнік гэтай афрыканскай краіны адсвяткуе 40 гадоў свайго прэзідэнцтва.
Срэбра забраў кіраўнік іншай афрыканскай краіны, прэзідэнт Камеруну Поль Бія. Ён узначаліў сваю дзяржаву 36 з паловаю гадоў таму – у 1982 годзе. З улікам жа таго, што перад гэтым палітык сем гадоў займаў пасаду прэм’ер-міністра, застаецца 86-гадовы Поль Бія пры ўладзе ўжо амаль 44 гады.
Трэцюю прыступку прэзідэнцкага п’едэсталу займае Дэні Сасу-Нгесо – кіраўнік Рэспублікі Конга. Ён стаў прэзідэнтам яшчэ ў 1979 годзе, але ў 1992 быў вымушаны саступіць галоўную пасаду ў краіне, прайграўшы на выбарах свайму апаненту. Аднак ужо ў 1997 годзе Дэні Сасу-Нгесо вярнуўся да ўлады і больш яе не выпускаў. Агулам 75-гадовы прэзідэнт кіруе краінай амаль 35 гадоў.
Чацвёртае месца – у кіраўніка Уганды Ёўэры Мусэвэні. 72-гадовы прэзідэнт заняў найвышэйшае ў краіне крэсла ў 1986 годзе, ці 33 гады таму.
Замыкае прэзідэнцкі топ кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які стаў прэзідэнтам яшчэ Казахскай ССР у 1990 годзе. Пры гэтым 78-гадовы елбасы (лідар нацыі) яшчэ ў 1989 годзе быў прызначаны першым сакратаром ЦК Кампартыі КССР, а ў 1990-м кароткі час пабыў старшынём Вярхоўнага Савету рэспублікі. Агулам пры ўладзе ён застаецца 30 гадоў.
Кіраўнік Беларусі займае дзявятае месца ў рэйтынгу. На сваёй пасадзе Аляксандр Лукашэнка – з лета 1994 года і сёлета будзе святкаваць 25-годдзе. Сярод прэзідэнтаў Еўропы ён кіруе найдаўжэй.
Наступны пасля Лукашэнкі ў нашай частцы свету – прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, які сёлета будзе святкаваць 15 гадоў прэзідэнцтва. З улікам жа двухразовага ўзначальвання ўраду – у 1999–2000 гадах і падчас ракіроўкі 2008–2012 гадоў – Пуцін сумарна кіруе Расеяй амаль 20 гадоў.
Што датычыць краінаў Еўразвязу, дык больш за ўсіх прэзідэнцкую пасаду займае Даля Грыбаўскайце, якая ўзначаліла Літву амаль 10 гадоў таму – у 2009 годзе. Яна застаецца пры ўладзе ўжо два тэрміны і паводле закону права пераабірацца на трэці – не мае.
МГ belsat.eu