Пратэстоўцы ў Алжыры перамаглі: 82-гадовы прэзідэнт не пойдзе на пяты тэрмін


Абдэль Азіз Бутэфліка, які кіруе Алжырам з 1999 году, не будзе балатавацца на пяты прэзідэнцкі тэрмін. Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі прэзідэнта.

Таксама будуць перанесены прэзідэнцкія выбары, якія раней улады запланавалі на красавік.

Прэзідэнту Абдэль Азізу Бутэфліку 82 гады. Ён кіруе краінай з 1999 года. У 2013-м ён перанёс інсульт і з тых часоў рэдка з’яўляецца на публіцы і з цяжкасцю размаўляе. Інфармацыя пра тое, што ён будзе вылучацца на новы тэрмін (пра гэта ў лютым абвясціла кіроўная партыя) выклікала хвалю абурэння ў алжырскім грамадстве.

Абдэль Азіз Бутэфліка. Фота – REUTERS/Ramzi Boudina/File Photo

Масавыя дэманстрацыі ў Алжыру пачаліся ў канцы лютага. Пераважна пратэсты праходзілі мірна, але, калі 1 сакавіка дэманстранты паспрабавалі прайсці маршам да будынкаў парламенту і ўраду, адбыліся сутычкі з паліцыяй. У выніку сілавікі разагналі акцыю з выкарыстаннем слёзаточывага газу, больш за 180 чалавек атрымалі раненні. Аднак 8 сакавіка пратэсты аднавіліся, іх падтрымаў нават шэраг дэпутатаў ад кіроўнай партыі. 8 сакавіка адзін з самых папулярных імамаў Алжыру ў сваёй традыцыйнай малітве не згадаў прэзідэнта, а толькі пажадаў народу краіны ўсяго найлепшага.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў