Паліцыя Непалу патлумачыла, які тэрмін пагражае дачцэ гарадзенскага падпалкоўніка за перавоз какаіну


Следчы ў справе дваіх гарадзенцаў, якіх затрымалі 21 снежня ў Міжнародным аэрапорце Катхманду з шасцю кілаграмамі какаіну, схаванага ў зімовых куртках, распавёў belsat.eu, колькі іх будуць трымаць пад арыштам і ці ёсць шанец, што яны выйдуць на свабоду.

Ужо 20 дзён непальскае Бюро кантролю за наркотыкамі займаецца справай двух гарадзенцаў, якіх затрымалі ў аэрапорце Катхманду з шасцю кілаграмамі какаіну. Нагадаем, што наркотыкі знайшлі ў куртках, што былі ў Аліны і Паўла.

Цяпер хлопец і дзяўчына – пад следствам, у адпаведнасці з адмысловым наркатычным артыкулам 2033, згодна з якім кожны грамадзянін Непалу або замежнік за перавоз псіхатропных субстанцыяў можа ўтрымлівацца пад арыштам на працягу трох месяцаў.

Джыван Ніраўля з непальскага Бюро кантролю за наркотыкамі паведаміў belsat.eu, што справаю беларусаў займаюцца ўжо дваццаць дзён:

«Мы таксама шукаем людзей, якія ўцягнулі Аліну і Паўла ў гэтае злачынства. Да дзяўчыны прыязджаў бацька, яны сустракаліся. Мы будзем намагацца як мага хутчэй накіраваць паперы ў суд. Аднак рашэнне суда не залежыць ад нас. Шэсць кілаграмаў какаіну – вельмі вялікі аб’ём і караецца ў Непале тэрмінам ад 15 да 25 гадоў, а таксама штрафам ад $ 4400 да $ 22 000».

Бацька Аліны Аляксей Алдошын, першы намеснік начальніка АУС і кіраўнік крымінальнай міліцыі адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні, з belsat.eu размаўляць адмовіўся.

Апошні раз гарадзенцы былі онлайн на пачатку студзеня.

Паліцыя Непалу пра беларусаў, якіх затрымалі з шасцю кілаграмамі какаіну: іх пасадзяць, пытанне – на колькі

Раней затрыманая дзяўчына распавядала belsat.eu, што яна са сваім хлопцам вырашылі перавезці курткі, бо хацелі хутка зарабіць. Ім запрапанавалі за працу дзве тысячы долараў. Аднак Аліна сцвярджае: яны не ўсведамлялі, што перавозяць какаін, і раней гэтым не займаліся.

Пра затрыманне беларускіх грамадзянаў стала вядома 25 снежня. Непальскае Бюро кантролю за наркотыкамі паведаміла, што беларусы правозілі какаін, схаваны ў зімовых куртках. Выявілі яго ў часе дагляду багажу рэнтгенам. Маладзёны прыляцелі з Турцыі і ў той жа дзень мелі сесці ў самалёт у Гон-Конг.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары