Сёння пройдуць суды над белсатаўцамі


Акцыя салідарнасці з затрыманымі журналістамі. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

14 верасня будуць судзіць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

У Віцебску мае адбыцца суд над Змітром Казакевічам, паводле артыкулу 23.34 Адміністратыўнага кодэксу – «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў». Казакевіч быў затрыманы 11 верасня.

У Гомлі пройдуць суды над Андрэем Толчыным і Ларысай Шчыраковай, абое былі затрыманыя 11 верасня.

15 верасня маюць адбыцца суды над нашымі калегамі, журналісткай Кацярынай Андрэевай і аператарам Максімам Гарчанком, іх затрымалі 12 верасня. Абаіх вінавацяць паводле артыкулаў 22.9 і 23.4 Адміністратыўнага кодэксу – «Парушэнне заканадаўства аб СМІ» і «Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

Учора, 13 верасня, былі затрыманыя фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам»: Арцём Лява і Таццяна Гаргалык. Абое былі вызваленыя. Лява – без складання пратаколу, у журналіста забралі працоўную тэхніку і аўта. На Гаргалык быў складзены пратакол паводле артыкулу 23.34 Адміністратыўнага кодэксу.

13 верасня затрымалі таксама журналістаў з іншых выданняў, у прыватнасці фатографаў Аляксандра Васюковіча і Уладзя Грыдзіна, а таксама журналіста Ягора Калягіна. Ноч яны правялі ў ЦІП на Акрэсціна.

belsat.eu

Стужка навінаў