Яшчэ $ 735 штрафу ў капілку «Белсату»


Аб 11:00 у судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся суд над фрылансэрамі Сяржуком Краўчуком і Марыяй Арцыбашавай за супрацу з «Белсатам». У лютым яны знялі мітынг за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў. Суддзя Іван Касцян, які разглядаў справу, пастанавіў выпісаць штраф па 30 базавых велічыняў кожны.

Як паведаміла belsat.eu Марыя Арцыбашава, за гэты сюжэт іх з Краўчуком ужо судзілі ў красавіку і далі штраф памерам 30 базавых велічыняў. Тады супрацоўнікі суду нешта наблыталі ў тэксце пастановы, і фрылансэрам удалося абскардзіць судовае рашэнне. Менскі гарадскі суд адмяніў рашэнне суддзі Вікторыі Шабуні і адправіў на перагляд.

Нагадаем, што на фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», ужо каторы год улады аказваюць ціск. Па ўсёй краіне адбываюцца суды над журналістамі, толькі ад пачатку гэтага году ім выпісалі штрафаў агульнай сумай каля $ 20 тысячаў. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных журналістаў.

ГА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары