Сяргей Сацук пра рэпартаж БТ: Гэта таму, што не спыніў расследаванняў


Тэлеканал «Беларусь 1» абвінаваціў галоўнага рэдактара інтэрнэт-газеты «Ежедневник» Сяргея Сацука ў публікацыі замоўных артыкулаў і прапанаваў «іншым органам» падумаць над крымінальна-працэсуальным бокам дзейнасці журналіста.

5000 долараў за заказны артыкул

Сюжэт тэлеканалу «Беларусь 1» быў прысвечаны карупцыйнай «справе медыкаў». У пацверджанне сваіх словаў прадстаўнікі БТ паказалі відэа, знятае схаванай камерай у офісе «аднаго вядомага бізнесмена». На ім бачна, як журналіст атрымлівае падчас адной з размоваў канверт, паводле аўтараў сюжэту, з грашыма на напісанне артыкулу супраць канкурэнтаў бізнесоўца.

Лекар: Скандал вакол прышчэпкі «Эўпента» можа спарадзіць новую карупцыю

«На сустрэчы я перадаў Сацуку ўсю інфармацыю, якая ў мяне была пра продаж па завышаных коштах кампаніі «Macopharma». Яго гэта зацікавіла, і я яму прапанаваў грошы ў канцы сустрэчы ў суме 3 тыс. долараў, якія я яму перадаў», – заяўляе Віктар Мядзведскі, уладальнік кампаніі, што пастаўляла ў Беларусь тавары медычнага прызначэння і не выплаціла 8 млн рублёў падаткаў.

Таксама жанчына з замазаным тварам кажа, што першую інфармацыю пра закупачныя кошты Сяргей Сацук атрымаў у лістападзе 2018 года. Як заяўляе Мядзведскі, агулам Сацуку перадалі 5000 долараў. У выніку ў студзені 2019 года з’явіўся артыкул «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як у Беларусі зарабляюць на крыві».

«Мэтай гэтага артыкулу было адцягненне ўвагі канкурэнтаў ад нашага бізнесу і ад нашых пастаўшчыкоў за мяжой», – заяўляе жанчына з замазаным тварам.

Пагрозы за расследаванні ўжо былі

Абвінавачаны ў «справе медыкаў» Сяргей Шакуцін: віны не прызнаю

У каментары карэспандэнту «Белсату» сам Сяргей Сацук адзначыў, што яму ўжо раней паступалі пагрозы за ягоныя расследаванні карупцыі ў медычнай сферы.

«Прыйшоў чалавек і сказаў, што калі будзе працяг, мяне або закажуць, або пасадзяць. … Вось і пачалі дзейнічаць, бо не спыніўся», – заявіў ён.

Журналіст сцвярджае, што атрымліваў грошы ад кампаніі бізнесоўца Віктара Мядзведскага на журналісцкія расследаванні. Але ў выніку далейшай працы Сацука Мядзведскі сам быў затрыманы сілавікамі.

Сяргей Сацук адзначыў, што яго неапублікаванае расследаванне датычыць менавіта кампаніі Мядзведскага і ягоных фінансавых схемаў. Паводле журналіста, менавіта з ягонай дапамогай Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю і змог затрымаць бізнесоўца за нявыплату падаткаў.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары