«Хоць ты топай, хоць ты хлопай». Святлана Калінкіна каментуе, чаму Лукашэнка «разбушаваўся»


Публіцыстка Святлана Калінкіна пракаментавала змены ва ўрадзе, якія анансаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны загадаў сваім падначаленым унесці прапановы па зменах ва ўрадзе, у прыватнсці «па міністрах прамысловасці і будаўніцтва».

Паводле журналісткі, Лукашэнка адчувае кадравы голад, а таксама – што ягоная сістэма прызначэння міністраў не працуе.

«Кіраўнік краіны адчувае, што ўсе кадравыя рэзервы, якія яны фармавалі, гэта фармальнасць. Таму што галоўная якасць, якая патрэбная дзеля таго, каб трапіць у гэты рэзерв, – лаяльнасць да ўлады. Але я перакананая, што на самой справе нічога ён змяняць не будзе. У нас былі спробы і былі прыклады, калі сапраўды годных людзей бралі ва ўладу – нагадаю, напрыклад, пра Кірылу Рудага – але яны там проста не ўжываліся, проста там не маглі працаваць. Для таго, каб міністры былі здольныя нешта зрабіць, трэба мяняць сістэму, а не персонаў», – адзначыла Святлана Калінкіна.

На ейную думку, Лукашэнка перакананы, што дае добрыя і якасныя даручэнні:

«І ўсе гэтыя гады ён дэманстраваў свае метады: «адкручу галаву», «пасаджу», «пойдзеце прыбіраць на вуліцу» і гэтак далей. Але на самой справе, калі абсурдныя даручэнні – хоць ты топай, хоць ты хлопай, хоць ты карай, хоць ты пагражай, а выканаць іх немагчыма. Проста нагадаю, што людзі такога складу аднолькава думаюць. Вось літаральна днямі Мінабароны Расеі рассакрэціла архівы, і там загад Сталіна ў жніўні 1941 года «бамбіць Берлін». Сталін быў перакананы, што ён даў загад, і яго можна выканаць. Так і Лукашэнка жыве з адчуваннем, што ён даў загад, даручэнне, і трэба выканаць. На самой справе гэта ж, канешне, так не працуе».

13 жніўня кіраўнік Беларусі жорстка раскрытыкаваў якасць працы мясцовых органаў улады і кіраўніцтва прамысловай галіны па развіцці Аршанскага інструментальнага заводу. Ён абвінаваціў сваіх падначаленых у тым, што яны зладзілі дзеля яго паказуху.

На наступны дзень Лукашэнка абурыўся з таго, што чыноўнікі не выконваюць ягоных наўпроставых даручэнняў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў