«Страцілі вельмі шмат грошай». Як каранцін паўплываў на працу беларусаў за мяжой


Пустыя вуліцы Варшавы пасля абвяшчэння польскім урадам каранціну ў сувязі з пандэміяй каронавірусу. 15 сакавіка 2020 года. Фота – Kuba Stezycki / Forum

Пяць беларусаў, якія працуюць цяпер у розных краінах Еўропы, распавялі «Белсату», як каранцін у сувязі з пандэміяй каронавірусу ўдарыў (або ўдарыць) па іх працы.

Павел, кіроўца таксоўкі (Варшава, Польшча)

Сітуацыя выглядае кепска. Замоваў і кліентаў стала ў тры разы менш. Калі перад каранцінам я зарабляў $ 350 у тыдзень, то на мінулым тыдні зарабіў $ 120. Такая сітуацыя прыкладна ва ўсіх таксістаў. Магчыма, у больш салідных фірмах, чымся мая, зарабляюць больш, але ў іх і раней прыбытак быў вышэйшы.

Я не прадпрымальнік і на прамую ўрадавую дапамогу наўрад ці магу разлічваць, але, мяркую, мая кампанія будзе браць з мяне менш аплатаў. Гэтак, на мінулым тыдні не бралі за абслугоўванне касы. Таксама мне бясплатна выдалі пластыкавую абарону ад пасажыраў, якія сядзяць ззаду – каб з імі не было кантакту.

Нічога рабіць я пакуль не збіраюся: планую проста пераседзець і ператрываць гэты перыяд. Мяняць працу цяпер складана.

Вось «Uber» раіць сваім кіроўцам перасесці на дастаўку ежы: маўляў, усе сядзяць дома і шмат замаўляюць. Я так зрабіць не магу: каб перайсці на дастаўку ежы, трэба мець даведку аб несудзімасці, а суды цяпер зачыненыя і такую ​​даведку атрымаць нельга.

Аб’ектыў
Як пандэмія каронавірусу адабʼецца на турбізнесе
2020.03.23 23:04

Глеб, дырэктар агенцтва па працаўладкаванні (Беласток, Польшча)

Мы працаўладкоўваем беларусаў на прадпрыемствы Падляскага ваяводства, якое знаходзіцца на беларуска-польскім памежжы, і зарабляем толькі тады, калі нашыя людзі працуюць.

Пакуль нічога трагічнага не адбылося: ніхто не паддаецца паніцы і не едзе дадому, усе працягваюць працаваць. Непасрэдна нашую фірму закранула тое, што на сёння спынілася рекрутацыя як такая: тыя, у каго сканчаюцца візы, з’язджаюць, але на іх месца не прыязджаюць новыя людзі.

Гарадская плошча ў Беластоку падчас каранціну. 20 сакавіка 2020 года. Фота – Michal Kosc / Forum

Колькасць кліентаў у параўнанні з перыядам да каранціну зменшылася на 2–3 %. Прадпрыемствы па перапрацоўцы курыцы і ласося, дзе працуюць уладкаваныя праз нас людзі, ужо не ў стане вырабляць прадукцыю ў ранейшых аб’ёмах.

Прама цяпер у Беларусі больш за сотню нашых кліентаў з адкрытымі візамі сядзяць і чакаюць адкрыцця мяжы.

Больш за ўсё мы турбуемся пра будучыню: ва ўмовах закрытых на месяц межаў, пры адмове тых, хто працуе у Польшчы цяпер, рабіць часовыя віды на жыхарства і заставацца там жыць, работнікаў стане менш на 20–25 %.

Hавiны
Банкруцтвы і касмічныя выдаткі: каронавірус павольна забівае сусветную эканоміку
2020.03.17 18:33

Кірыл, працаўнік службы падтрымання платформы аб’яваў арэнды жылля Airbnb (Барселона, Іспанія)

У нас быў вялікі адсотак адменаў рэзервацыі – спачатку праз страх перад каронавірусам, потым – праз адмену рэйсаў і абмежаванняў на перамяшчэнне. Кульмінацыі гэтыя адмены дасягнулі ў пазамінулую суботу. Пасля гэтага кампанія прыняла рашэнне аб адмене па першым патрабаванні любых рэзервацыяў у перыяд да 14 красавіка, зробленых да 14 сакавіка.

Праспект Мерыдыяна ў Барсэлоне на восьмы дзень агунанацыянальнага каранціну з мэтай спыніць распаўсюд каронавірусу. 22 сакавіка 2020 года. Фота – Alejandro Garcia / EFE / Forum

Не магу падзяліцца ніякімі лічбамі, але скажу, што эканамічны эфект эпідэміі неверагодны – кампанія страціла вельмі шмат грошай.

Ніка Бусел, брэнд-менеджэр віннай кампаніі, Партугалія.

Я прасоўваю на сусветным рынку віно адной з партугальскіх вінных кампаніяў. На гэты момант абвешчаная пандэмія не адбілася на фінансавых умовах працы. Як яна ўплывае на продажы нашага віна – пакуль складана сказаць. У дачыненні да даступных вінаў крывая попыту можа пойдзе ўверх на першых этапах каранціну. Я сама купіла некалькі скрынь, баючыся, што застануся без яго: у Партугаліі складана прадставіць вячэру без віна. І так зрабілі многія людзі тут.

Чаго не скажаш пра віно больш высокага цэнавага сегмента. Цяпер бачу, як мае калегі ў розных краінах пачынаюць абгульваць досыць няпростую сітуацыю і сутаргава прасоўваць віно, шукаць новыя магчымасці онлайн: маўляў, вы сядзіце дома, а каранцін – не падстава адмаўляцца ад якаснага віна і задавальненняў. Відаць, што ўсе расхваляваліся.

З абмежаваннем руху, турызму, закрыццём бараў, рэстаранаў, гатэляў, многія вінныя невялікія буцікі, алкагольны і рэстаранны бізнес страціць ільвіную частку даходу. Пытанне: наколькі гэта зацягнецца і ці здолее ачомацца індустрыя.

Таццяна Рэут, кантэнт-менеджэр гадзіннікавай кампаніі, былая вядучая «Белсату» (Бэрн, Швейцарыя)

Я працую ў гадзіннікавым бізнесе, адной з ключавых галінаў швейцарскай эканомікі. Па ёй гэты крызіс ударыў вельмі моцна. Вялікія прамысловыя выставы гадзіннікавай індустрыі, якія праходзяць у першай палове году – як Baselworld, напрыклад – адмянілі.

Новости
Работа во время карантина. Поговорили с белорусами, которые остались в Европе
2020.03.22 15:54

Продажы падаюць: у самой Швейцарыі дарагія гадзіннікі набываюць пераважна турысты, якіх цяпер няма (а цяпер і крамы пазачыняліся). Ужо зразумела, што індустрыя стала на паўзу, кіраўнікі кампаніяў адправілі ўсіх на працу з дому.

Сімвалічна, што прэзідэнт сказала: «Мы багатыя і зможам падтрымаць сваю эканоміку». Дзяржава паабяцала вылучыць 10 мільярдаў франкаў на дапамогу бізнесу. Што бачна ужо – дык гэта падтрыманне на чалавечым узроўні фрылансераў або работнікаў культуры. Напрыклад, маёй былой выкладчыцы танца прапануюць заплаціць за цэлы месяц заняткаў, хаця ніякіх заняткаў не будзе.

Адна з кавярняў у Бэрне падчас каранціну. 18 сакавіка 2020 года. Фота – Таццяна Рэут

Агулам, адсутнасць у апошнія стагоддзі калектыўных траўмаў накшталт вайны ці крызісаў, напэўна, шмат у чым вызначаюць такое быццам абыякавае стаўленне швейцарцаў да эпідэміі. Сёе-тое ў крамах, вядома, раскупілі (і цяпер дастаўку прадуктаў онлайн можна чакаць дзесяць дзён), але ў цэлым тут настолькі давяраюць сабе, сваёй краіне, палітычнай і эканамічнай сістэме, што асабліва не перажываюць.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў