Як пандэмія каронавірусу адабʼецца на турбізнесе


Егіпет, Турцыя, Грэцыя, Італія – самыя папулярныя турыстычныя кірункі, прынамсі бліжэйшым часам, стануць недасяжнымі. Межы закрыліся – вандровак няма.

З прычыны пандэміі шмат якія беларусы мусілі адмовіцца ад падарожжаў на нявызначаны час. Сярод іх – вазочнік Аляксандр Аўдзевіч, які марыў адправіцца ў падарожжа вакол свету, у якім бы даследаваў, як жывуць людзі з інваліднасцю ў розных краінах. Пачаць вандроўку Аляксандр хацеў з Украіны, потым – праз Чорнае мора ў Турцыю ці Грузію. Падарожжа адбудзецца – проста крыху пазней.

«Я вельмі спадзяюся, што ўсё будзе добра ў сярэдзіне красавіка з Украінай, і яна адкрыецца, і ў прынцыпе бліжэйшыя месяц-паўтара я магу прыўкрасна павандраваць праз Беларусь ва Украіну», – кажа Аляксандр.

Ён не адзіны, хто трапіў у пастку віруса. Беларуска Марыя Фокіна мусіла паехаць на моладзевую канферэнцыю ў Мілан, але тую адмянілі праз пандэмію.

«Для мяне гэта было прадказальна, бо ў асабліва міжнародных навінах, было відаць, як хутка сітуацыя развіваецца. Але мы да апошняга спадзяваліся, што трапім у Мілан і што ўсё адбудзецца. Але сітуацыя апынулася значна горшай, чым падавалася», – распавядае дзяўчына.

Людзі губляюць не толькі адпачынкі, але і магчымасць працы або самаразвіцця.

«Я збіралася паехаць у Італію на майстар-клас вясельнай фатаграфіі, але з-за каронавіруса ўсё адмянілася. Але спадзяюся, што яго проста перанеслі і майстар-клас адбудзецца пазней, можа быць, увосень», – гаворыць фатограф Юлія Пацяюн.

Эксперт па вандроўках Аляксандр Лапко зазначае, што вірус моцна ўдарыць у першую чаргу па дробных сямейных бізнесах:

«Сеткі маюць фінансавую падушку, якая іх абароніць перад гэтым крызісам. Яны могуць неяк пераразмеркаваць сродкі і выжыць. А дробныя сямейныя кампаніі – яны пацярпяць вельмі балюча праз гэта».

Апроч эканамічных стратаў, эпідэмія новага каронавіруса можа змяніць саму культуру вандровак.

«Першы час будзе вельмі складана наладзіцца на тое, каб потым падарожнічаць нават па Еўропе, якая апошнім часам была вельмі адкрытая, пераязджаеш мяжу з Шэнгенам, і аніякіх межаў няма. Будзе складана псіхалагічна», – кажа Аляксандр Лапко.

Паводле звестак Сусветнай рады вандроўвак і турызму, турыстычны сектар займае 10 адсоткаў сусветнага ВУП. Згодна з адмыслоўцамі, у бліжэйшы час 50 мільёнаў людзей, якія працуюць у сферы падарожжаў, могуць страціць працу з-за пандэміі, з іх 7 мільёнаў – у Еўропе.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»

Фота: ACAU / BACKGRID / Backgrid UK / Forum