Стала вядомая папярэдняя прычына пажару на складзе з боепрыпасамі ў Сібіры


Выбухі на складзе. Крыніца – @dela24ru

Прычынай пажару на складзе боепрыпасаў у Краснаярскім краі мог стаць чалавечы фактар, паведаміў журналістам намеснік міністра абароны Расеі генерал арміі Дзмітрый Булгакаў. Па апошніх дадзеных, дэтанацыя парахавых зарадаў на складзе спынілася, але яшчэ ёсць пагроза падрыву асобных боепрыпасаў, падаюць «РИА Новости».

Днём у панядзелак на складзе ў вайсковай часці, раскватэраванай у пяці кіламетрах ад паселішча Каменка ў Краснаярскім краі, адбыўся пажар, які справакаваў выбухі боепрыпасаў.

Відэа відавочцаў пажару на складзе ў Ачынску глядзіце ў поўным выданні навінаў за 5 жніўня

Паводле Дзмітрыя Булгакава, сур’ёзных разбурэнняў у Каменцы няма.

Паводле апошніх звестак, пацярпелі 12 чалавек, яшчэ адзін лічыцца зніклым без вестак. У Ачынску і бліжэйшых раёнах захоўваецца рэжым надзвычайнага становішча.

Мясцовыя ўлады эвакуявалі амаль чатыры тысячы мясцовых жыхароў.

Мэр гораду Ілай Ахметаў настойліва парэкамендаваў не заходзіць у небяспечную зону.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў