Стала вядома, на што Марадона прамяняў берасцейскае «Дынама»


Яшчэ тыдзень таму старшыня праўлення берасцейскага Дынама Д’ега Марадона збіраўся пачаць працаваць у Беларусі, але раптам знайшоў працу ў Мексіцы. І не ў самым найлепшым клубе.

Сёння раніцай на сайце і сацыяльных сетках клубу другога дывізіёна Мексікі «Дорадос лэ Сіналоа» з’явілася паведамленне, што Д’ега стаў тэхнічным дырэктарам каманды з штата Сіналоа. Хаця ў Марадоны быў дзейсны кантракт да траўня 2021 году з берасцейскім «Дынама».

У берасцейскім «Дынама» папрасілі час, каб разабрацца ў сітуацыі. Раней у падобных сітуацыях у клубе адказвалі, што не каментуюць чуткі.

30 жніўня ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што Марадона хутка пакіне «Дынама». На наступны дзень, 31 жніўня, і Марадона праз свой інастаграм павіншаваў Лукашэнку з Днём нараджэння: «Не перастаю захапляцца Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Хачу павіншаваць яго з днём нараджэння і падзякаваць за тое, што ён даў мне працоўнае месца ў яго краіне. На наступным тыдні пачну сваю дзейнасць у берасцейскім «Дынама» – напісаў Д’ега.

Д’ега можа стаць другім аргентынецам, які збег з берасцейскага «Дынама» у Мексіку нягледзячы на дзеючы кантракт. Узімку гэтага году таксама ў клуб другога мексіканскага дывізіёна «Атлетыка Сан-Луіс» збег леташні лідар Дынама Леанарда Торэс, які не вярнуўся ў Берасце з адпачынку. «Дынама» так і не знайшло механізму прымусіць аргентынца адпрацаваць кантракт, разлічаны на паўтара года.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў