Справу доктара і журналісткі, якія распавялі пра адсутнасць алкаголю ў крыві Бандарэнкі, накіравалі ў суд


Кацярына Барысевіч. Фота з сацыяльных сетак

Генеральная пракуратура накіравала ў Менскі гарадскі суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу аб падбухторванні да разгалашэння медычнай таямніцы ды яе разгалашэнні.

Падвіноўныя – журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч і анестэзіёлаг-рэаніматолаг Менскай больніцы хуткай дапамогі Арцём Сарокін, якія, насуперак афіцыйнай версіі, паведамілі, што выкрадзены і моцна збіты 11 лістапада 2020 года невядомымі Раман Бандарэнка быў цвярозы.

Hавiны
«Сёння быў такі жудасны выпадак!» Маці лекара Сарокіна распавяла, што ён казаў пра забойства Бандарэнкі
2021.01.20 12:40

Паводле Генеральнай пракуратуры, Барысевіч «без згоды пацыента або іншых упаўнаважаных асобаў у часе неаднаразовых злучэнняў праз сеткі электрасувязі з Сарокіным шляхам просьбаў і дамаўленняў схіліла яго да падання вуснай інфармацыі пра пацыента шпіталю Рамана Бандарэнку, які праходзіў лячэнне і сканаў у гэтай установе 12 лістапада 2020 года, а таксама да перадачы праз мэсэнджар Telegram фотакопіяў медычнай дакументацыі Бандарэнкі».

Арцём Сарокін.
Фота: spring96.org

Пры гэтым Барысевіч, атрымаўшы першапачаткова адмову ад іншых медыкаў паведаміць звесткі, усведамляла, што запытаная інфармацыя, згодна з арт. 46 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» складала медычную таямніцу, а яна не была асобай, якая мае права на яе атрыманне і распаўсюд.

Hавiны
«Менш шуму» – Караеў пракаментаваў забойства Рамана Бандарэнкі
2020.12.06 20:43

Сарокіна вінавацяць у тым, што ён «наўмысна незаконна выдаў звесткі пра факт паступлення Бандарэнкі ў стацыянар і стан ягонага здароўя, наяўнасць хваробы, дыягназ, вынікі медычнага агляду ды іншыя звесткі, у тым ліку асабістага характару».

Публікацыя звестак пра адсутнасць алкаголю ў крыві памерлага Бандарэнкі, паводле Генпракуратуры, і іх «супрацьпастаўленне афіцыйным каментарам дзяржаўных органаў выклікала грамадскі рэзананс і стварыла атмасферу недаверу да кампетэнтных службаў».

Hавiны
Паведамілі «ілжывую» медычную таямніцу – Пракуратура працягвае настойваць, што Бандарэнка быў п’яным
2020.11.29 22:09

«Гэта негатыўна паўплывала на стан правапарадку і пацягнула за сабою цяжкія наступствы: прывяло да павышэння напружанасці ў грамадстве, заахвоціла грамадзянаў да правядзення незаконных масавых мерапрыемстваў, іншых супрацьпраўных дзеянняў», – гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым звесткі, якія раней называліся пракуратураю медычнай таямніцаю, пасля былі названыя ілжывымі.

Дзеянні журналісткі кваліфікавалі паводле ч. 5 арт. 16 і ч. 3 арт. 178 КК, Сарокіна – паводле ч. 3 арт. 178 КК. Ім пагражае да трох гадоў зняволення.

Hавiны
40 дзён пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Справа не распачатая. У краіне праходзяць акцыі памяці
2020.12.21 11:44
  • Нагадаем, што маці Рамана Бандарэнкі дазволіла публікаваць звесткі пра смерць свайго сына, у тым ліку пра адсутнасць у ягонай крыві алкаголю.
  • Крымінальную справу за забойства Бандарэнкі дасюль не распачалі. Сваякі не ведаюць падрабязнасцяў правярання.
  • Дзмітрый Баскаў, якога падазраюць у датычнасці да выкрадання актывіста, працягвае ўзначальваць Федэрацыю хакею Беларусі і браць удзел у афіцыйных падзеях з Лукашэнкам.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў