СК пацвердзіў затрыманне Мікалая Патрончыка. Ён называў сябе «добрым знаёмым» Лукашэнкі


УСК па Магілёўскай вобласці прыняў да вытворчасці крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Круглянская ПМК №266» аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Распачала справу пракуратура Магілёўскай вобласці. Паводле матэрыялаў справы, Патрончыка абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Следства хадайнічала перад пракурорам аб прымяненні ў дачыненні да абвінавачанага меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і хадайніцтва было задаволена – цяпер Патрончык за кратамі.

Паводле заявы СК, на дадзены момант прадпрымаюцца зхады па кампенсацыі шкоды, нанесенай прадпрыемству і працягваецца расследаванне справы.

Нагадаем, інфармацыя аб затрыманні Патрончыка з’явілася ў СМІ 28 снежня.

***

Мікалай Патрончык кіраваў самым паспяховым прадпрыемствам у горадзе Круглае Магілёўскай вобласці. На »Круглянскай ПМК № 266» працуе больш за тысячу чалавек. ПМК пабудавала розныя аб’екты ў Беларусі: ад жылля да вытворчых памяшканняў. Акрамя таго, прадпрыемства цалкам адбудавала малую радзіму Аляксандра Лукашэнкі – вёску Александрыя і Лядовы палац у Шклове. ПМК таксама збудавала рэзідэнцыю Лукашэнкі «Александрыя-2».

Раней у інтэрвʼю Naviny.by Патрончык называў Лукашэнку «добрым знаёмым». Ён сцвярджаў, што ў 2012 годзе прэзідэнт прапаноўваў яму пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва, але той адмовіўся. А ў 2015-м па ўказе Лукашэнкі Патрончыка ўзнагародзілі ордэнам Айчыны III ступені.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў