Сілавыя ведамствы – самыя закрытыя для журналістаў


Самымі адкрытымі для журналістаў ведамствамі сталі МНС, МЗС і Дзяржпамежкамітэт, а самымі закрытымі – Аператыўна-аналітычны цэнтр пры кіраўніку краіны, МУС і КДБ. Да такой высновы прыйшла Беларуская асацыяцыя журналістаў пасля апытання 50 журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных выданняў.

Як паведамляе БАЖ, у апытанні ўдзельнічалі журналісты выданняў «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда», «Рэспубліка», «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Еўрарадыё», «Комсомольская правда» ў Беларусі«, TUT.BY, БелаПАН, «Новы Час» і іншых. Журналістаў папрасілі ацаніць адчыненасць ведамства – наколькі лёгка атрымаць інфармацыю ад чыноўнікаў. Журналісты павінны былі аналізаваць працу толькі тых структураў, з якімі яны працуюць.

Як паказала апытанне, у пяцёрку ведамстваў, дзе лепш за ўсё вядуць камунікацыю з журналістамі ўвайшлі МНС, МЗС, Дзяржпагранкамітэт, Мінпрыроды і Міністэрства спорту і турызму. Горш за ўсё – Аператыўна-аналітычны цэнтр пры кіраўніку краіны, МУС, КДБ, ГУУС Менгарвыканкаму і ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў.

У лідарах рэйтынгу па адчыненасці МАРТ, пракуратура і суды, Міністэрства лясной гаспадаркі і Міністэрства эканомікі, унізе спісу – Адміністрацыя кіраўніка краіны, Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт, Савет Рэспублікі, Міністэрства аховы здароўя і Мінінфарм.

БАЖ праводзіць апытанне ўжо ў чацвёрты раз. Паводле інфармацыі асацыяцыі журналістаў, нараканні журналістаў традыцыйныя: немагчымасць аператыўна атрымаць інфармацыю, складанасці з доступам журналістаў на мерапрыемствы, прыярытэтнае прадстаўленне інфармацыі дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў