Шведы мераюць радыяцыю вакол БелАЭС з дапамогай кухоннай солі


Група 15 навукоўцаў даследуе канцэнтрацыю радыёактыўных рэчываў у зямлі, паветры і вадаёмах вакол Астравецкай АЭС. Ілюстратыўнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

На гэтым тыдні навукова-даследчая група Лундскага ўніверсітэту супольна з Інстытутам радыебіялогіі Акадэміі навук, Белгідраметэаслужбы і Пецярбургскім навукова-даследчым інстытутам радыяцыйнай гігіены ладзяць замеры радыяцыю вакол Астравецкай АЭС, паведамілі «Белсату» у Нацыянальнай акадэміі навук.

Паводле загадчыка лабараторыі мадэлявання і мінімізацыі антрапагенных рызыкаў Інстытуту радыебіялогіі НАН Беларусі Аляксандра Дворніка, супраца з Лундскім універсітэтам распачалася ў 2016 годзе з даследавання чарнобыльскай праблематыкі.

«Першапачаткова мы займаліся вымярэннем бягучых узроўняў радыяцыі ў зоне адчужэння. Сёлета з ініцыятывы шведскіх калег вырашылі пераключыцца на большую надзённую праблему – будаўніцтва атамнай электрастанцыі», – распавядае Аляксандр Дворнік.

Кандыдат біялагічных навук Аляксандр Дворнік, загадчык лабараторыі мадэлявання і мінімазацыі антрапагенных рызыкаў Інстытуту радыёбіёлогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Фота – irb.basnet.by

Паводле навукоўца, шведы ў Беларусі выкарыстоўваюць метады замеру нулявога радыяцыйнага фону, ужытыя раней у Мальмё, дзе цяпер запускаецца Еўрапейская крыніца расшчаплення.

ЕКР (ESS, European Spallation Source) – навукова-даследчая ўстанова для правядзення даследаванняў з выкарыстаннем тэхналогіі расшчаплення нейтронаў. Справаздачу па замерах нулявога радыяцыйнага фону па гэтай праграме можна пачытаць тут.

Асаблівасць методыкі – ужыванне адмысловых дазіметраў, у аснове якіх ляжаць крышталі паваранай солі. Іх размесцяць у кантрольных месцах вакол Астравецкай АЭС на месяц.

«Гэта інавацыйная методыка Лундскага ўніверсітэту. Яны выкарыстоўвалі гэта ў сябе ў Швецыі, такія ж дазіметры мы размяшчалі ў чарнобыльскай зоне забруджання ў Веткаўскім раёне. Ад звычайных дазіметраў яны адрозніваюцца перадусім эканамічнай эфектыўнасцю – яны нашмат таннейшыя, чымся тэрмалюмінесцэнтныя дазіметры, якія цяпер ужываюцца, – дадаў Аляксандр Дворнік. – Пакуль папярэднія звесткі мы не публікавалі, таму цяжка сказаць, наколькі гэтыя дазіметры эфектыўныя».

Даследчая група, якая складаецца з 15 чалавек, вызначыць, між іншага, фонавы ўзровень радыевугляроду і радыеактыўнага ізатопу вадароду. Раней такія даследаванні ладзіліся ў Беларусі вельмі абмежавана.

«Важна адзначыць, што замеры якія цяпер праходзяць, з’яўляюцца незалежнымі навуковымі даследаваннямі. Замеры нулявога фону ў Астраўцы ўжо праводзілі беларускія і расейскія спецыялісты. У жніўні ў Астраўцы працавала міжнародная група вучоных паводле сваіх методык. Цяпер вось нашая чарга. Будзе вельмі цікава супаставіць нашыя звесткі з дадзенымі іншых даследчых групаў», – дадае Аляксандр Дворнік.

 

Працоўная сустрэча па пытаннях радыяцыйнага маніторынгу паміж навукоўцамі Лундскага ўніверсітэту і прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці Беларусі і Расеі ў сакавіку 2019 года ў амбасадзе Швецыі ў Менску. Сакавік 2019 года. Фота – irb.basnet.by

Другая экспедыцыя ў Астравец плануецца ў кастрычніку, пазней група мае намер правесці маніторынг у Літве побач з беларускай мяжой. Пасля большасць проб адправяцца для аналізу ў Швецыю і застануцца там назаўжды, а вынікі экспертызы стануць асновай для параўнання і незалежнага назірання за асяроддзем вакол станцыі ў будучыні.

21 верасня шведскі эксперт па пытаннях радыяцыйных вымярэнняў вакол Астравецкай АЭС Крысціян Бэрнардсан адкажа на пытанні журналістаў, падае «Press Club Belarus». Сустрэча пройдзе ў амбасадзе Швецыі ў Менску.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары