Шуневіч: у Беларусі не адбудзецца ніводнай несанкцыянаванай акцыі


Фота Ірына Арахоўскай/Белсат

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у праграме «Размова ў прэзідэнта» на канале Беларусь-1 заявіў, што любая несанкцыянаваная акцыя будзе спыняцца «хутка і эфэктыўна».

Напярэдадні Шуневіча са справаздачай прымаў Аляксандр Лукашэнка – ён загадаў «імгненна спыняць любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям». Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы сказаў не звяртаць увагі на негатыўную рэакцыю Еўразвязу і ЗША на затрыманні 25 сакавіка.

«Не дай бог нам спарадзіць тое становішча, у якім сёння жывуць заходнія дзяржавы», – выказаўся Лукашэнка. Паводле ягоных словаў, «бардак пачынаецца» з несанкцыянаваных акцый.

У інтэрв’ю БТ Шуневіч паабяцаў выканаць загад Лукашэнкі.

«Ніводная акцыя, несанкцыянаваная ўладамі, не адбудзецца, — сказаў ён. — А калі нават пачнецца, то будзе спынена вельмі хутка, эфэктыўна, на падставе дзейнага заканадаўства».

«Сёння Міністэрства ўнутраных спраў – гэта адзін з самых сур’ёзных інструментаў у руках улады ў навядзенні парадку ў краіне. І мы будзем мацнець у далейшым, як і наша дзяржава. Безумоўна, сёння мы ўяўляем рэальную пагрозу для тых, хто стварае рызыкі, выклікі ў нашай краіне», – заявіў Шуневіч.

***

Нагадаем, каля сотні чалавек сілавікі затрымалі да і падчас Дню Волі. Ініцыятары недазволенага ўладамі шэсця правялі ў ізалятары некалькі содняў, іншых затрыманых адпусцілі ўвечары 25 сакавіка. Журналісты «Белсату» і праваабаронцы таксама патрапілі ў пастарункі, да некаторых міліцыянты прымянілі фізічную сілу. Такую рэакцыю ўладаў Еўразвяз назваў «непрапарцыйнай».

Глядзі таксама
Каментары