Штрафы журналістам «Белсату» за стрым у Горадні: 2025 рублёў на дваіх


Згодна з рашэннем суда, Зміцер Міцкевіч і Сяргей Кавалёў былі прызнаныя вінаватымі паводле п. 2 арт. 22.9 («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») ды атрымалі штрафы: 35 і 40 базавых велічыняў.

Зміцер Міцкевіч і Сяргей Кавалёў на судзе ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

У чацвер, 18 чэрвеня, у Горадні адбыўся суд над журналістамі «Белсату» Змітром Міцкевічам і Сяргеем Кавалёвым – за тое, што яны рабілі стрым з пікету па збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, што Кавалёў з Міцкевічам былі затрыманыя ў Горадні 10 чэрвеня пасля стрыму з пікету па зборы подпісаў у падтрымку Лукашэнкі. На журналістаў тады склалі пратаколы, забралі тэхніку і тэлефоны, пасля чаго адпусцілі. Сёння ж адбыўся суд.

Абноўлена
Затрыманых у Горадні журналістаў вызвалілі, забраўшы тэхніку і склаўшы пратаколы
2020.06.10 19:08

У якасці прадстаўніка УУС Ленінскага раёну на паседжанні прысутнічаў капітан Аляксей Вайцешка, добра вядомы гарадзенцам па затрыманням і працэсам, звязаным з палітыкай. У якасці сведкаў – два ўчастковыя інспектары: Ігар Дораш ды Андрэй Гаўрылюк, якія бачылі журналістаў на пікеце за Лукашэнку на Савецкай.

Зміцер Міцкевіч і Сяргей Кавалёў на судзе ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Вы былі ідэнтыфікаваны пры дапамозе затрымання!»

Журналісты сваёй віны не прызналі, а таксама аспрэчвалі факт «незаконнага вырабу і распаўсюду інфармацыі». Маўляў, трансляцыя ішла на YouTube, які не мае ў Беларусі ніякіх рэгістрацыяў і мець не мусіць. Пасля ж відэа з відэахостынгу можа ўзяць і выкарыстаць хто заўгодна.

Узніклі таксама пытанні па ідэнтыфікацыі журналістаў. Маўляў, Зміцер Міцкевіч быў у кадры з мікрафонам, бо вёў стрым, а як вызначыць аператара?

«Вы былі ідэнтыфікаваны пры дапамозе затрымання!» – безапеляцыйна заявіў капітан Вайцешка Сяргею Кавалёву.

Зміцер Міцкевіч і Сяргей Кавалёў на судзе ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Заўвагі падсудных наконт таго, што людзі, якія іх затрымлівалі, наагул не прадставіліся, не мелі на сабе формы ці знакаў адрознення, не патлумачылі, куды іх вязуць, а таксама адмовілі ў праве звязацца з адвакатам ці юрыстам, былі судом праігнараваныя.

За тэлефонамі зноўку давядзецца ехаць у Горадню

Вынікам працэсу стаў вырак у выглядзе двух штрафаў: 945 рублёў з Міцкевіча і 1080 рублёў з Кавалёва. Тэлефоны журналістам паабяцалі вярнуць: за імі зноўку праз нейкі час давядзецца ехаць у Горадню. А вось камеру ды розныя тэхнічныя прылады – не. Яны падлягаюць канфіскацыі. Нашы калегі збіраюцца аспрэчваць вынесены судом вырак.

Hавiны
«Схаваць тое, што адбываецца, – немагчыма». Як улады перад выбарамі пераследуюць журналістаў «Белсату»
2020.06.18 16:11

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў