Што будзе рабіць расейская паліцыя ў Беларусі? Эксперты каментуюць скандальную заяву Шуневіча

ВІДЭА

Затрыманні ў Маскве падчас мірнай дэманстрацыі. Архіўнае фота REUTERS/Sergei Karpukhin

Навошта беларускай міліцыі дапамога сілавікоў з Расеі падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў і чэмпіянату свету па хакеі? Belsat.eu разбіраўся, якія паўнамоцтвы могуць атрымаць расейскія паліцыянты ў Беларусі і ці былі ў гісторыі спорту аналагічныя прэцэдэнты.

Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў, што Расея накіруе сваіх паліцыянтаў у Беларусь падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў і чэмпіянату свету па хакеі, што «безумоўна, павысіць эфектыўнасць мер па забеспячэнні грамадскага парадку». Гэтая заява прагучала 18 верасня на прэс-канферэнцыі ў Наваполацку пасля ягонай сустрэчы з кіраўніком расейскага МУС Уладзімірам Калакольцавым. Паводле беларускага міністра, пры падтрымцы праваахоўнікаў суседніх краінаў, у першую чаргу Расеі, будзе зроблена ўсё, каб «выключыць ускладненне аператыўнай абстаноўкі» падчас міжнародных спаборніцтваў.

Шуневіч не распавёў, колькі расейскіх сілавікоў накіруюць у Беларусь. Ён таксама не ўдакладніў, чым канкрэтна яны будуць займацца: кансультаваць беларускую міліцыю, суправаджаць расейскіх заўзятараў або наогул патруляваць вуліцы і ахоўваць правапарадак.

Апытаныя belsat.eu эксперты мяркуюць, што калі расейскія паліцыянты атрымаюць права ахоўваць спартовыя мерапрыемствы на роўні з беларускімі, то гэта будзе беспрацэнтным выпадкам у міжнароднай практыцы і адназначным парушэннем нацыянальнага заканадаўства.

«Гэта парушэнне суверэнітэту дзяржавы»

Уладзімір Даўжэнка. Фота – belprauda.org

Спартовы аналітык Уладзімір Даўжэнка заявіў у інтэрв’ю belsat.eu адзначыў, што яму невядомыя выпадкі, калі бяспеку на міжнародных спартовых спаборніцтвах забяспечвалі не толькі мясцовыя праваахоўнікі, але і паліцэйскія з замежных краінаў.

«Гэта нонсэнс, гэта парушэнне суверэнітэту дзяржавы. Гэта, дарэчы, не павага і да нашай міліцыі – гэта паказвае, што яны не здольныя самастойна забяспечыць парадак. Карацей, чарговае ноу-хаў Аляксандра Лукашэнкі. Але здзіўляцца не трэба. Гульні гэтыя яшчэ не хутка і як бы да гэтага часу да нас у Беларусь не прыйшлі «зялёныя чалавечкі», як у Крыме – тады з’яўленне расейскіх паліцэйскіх набудзе сэнс перад якім-небудзь фэйкавым рэферэндумам», – мяркуе эксперт.

У міжнароднай практыцы вядомыя выпадкі, калі на спаборніцтва разам з заўзятарамі з замежнай краіны прыязджалі паліцэйскія, але ў іх былі вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы. Напрыклад, разам з 16 тыс. польскіх заўзятараў на ЧС-2018 па футболе ў Расею прыехалі 6 паліцэйскіх з Польшчы. Аднак яны не мелі ўзбраення, не насілі паліцэйскую форму (на матчах у сектары польскіх заўзятараў яны прысутнічалі ў сініх кашулях сцюардаў) і ў асноўным адказвалі за кантакты фанатаў з расейскай паліцыяй і ўладамі. У 2008 годзе на таварыскі футбольны матч Беларусь-Англія ў Менск прыехалі 3 тыс. заўзятараў і 9 брытанскіх паліцэйскіх. Яны адсочвалі дзеянні найбольш агрэсіўных англійскіх фанатаў і фіксавалі правапарушэнні.

Між тым Уладзімір Даўжэнка падкрэслівае: там гаворка ішла пра кропкавую і вельмі абмежаваную супрацу, прычым менавіта ў кантэксце з’яўлення асабліва небяспечных фанацкіх груповак, распаўсюджаных у футболе.

Аднак характар Еўрапейскіх гульняў не прадугледжвае прыезд агрэсіўных груповак заўзятараў. Напрыклад, футболу проста няма ў спісе відаў спорту на Еўрапейскіх гульняў. А заўзятары ў баскетболе, валейболе, веласпорце ці гімнастыцы ніколі не адрозніваліся агрэсіўнасцю і не правакавалі беспарадкі

«Мяркуючы па чэмпіянату свету па хакею ў Беларусі ў 2014 годзе, самая вялікая пагроза сыходзіць ад няшчасных п’яніцаў, якім дазволілі піць танную гарэлку ў цэнтры Менску. Вось яны могуць часам падбрыкнуць. Але гэта не вялікая небяспека», – дадае Даўжэнка.

Праваабаронца: затрымліваць у Беларусі могуць толькі беларускія праваахоўнікі

Валянцін Стэфановіч. Фота – spring96.org

Намеснік старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначыў у размове з belsat.eu, што заява Шуневіча выклікала ў яго здзіўленне.

«Я думаю, што як раз міліцыянтаў у Беларусі дастаткова, каб забяспечыць парадак падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў. Гэта ўсё ж такі не футбольны чэмпіянат – наўрад ці да нас прыедуць такія ўжо шалёныя і агрэсіўныя фанаты баскетболу, валейболу і шахмат, якія будуць тут арганізоўваць беспарадкі», – кажа ён.

Праваабаронца падкрэслівае: замежныя праваахоўнікі не маюць права затрымліваць ці складаць пратаколы на тэрыторыі Беларусі. Нават калі правапарушэнне або злачынства зрабіў замежнік.

«У Беларусі ёсць шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць працэдуры затрымання і спынення супрацьпраўных дзеянняў. Аднак натуральна толькі органы правапарадку Беларусі маюць паўнамоцтва для гэтага – ні ў якім разе не паліцыянты замежных краінаў. Не можа паліцыянт іншай краіны на тэрыторыі Беларусі ажыццяўляць затрыманне, складаць пратаколы або распачынаць крымінальны пераслед. Ёсць пытанне юрысдыкцыі: калі правапарушэнне ці крымінальнае злачынства адбылося на тэрыторыі Беларусі, то менавіта нашыя праваахоўнікі і мусяць гэтым займацца», – кажа ён.

Аднак, паводле Стэфановіча, расейскія паліцыянты маюць права выступаць у якасці кансультантаў у Беларусі. Магчыма, таксама паліцыянты ў кантакце з беларускімі праваахоўнікамі будуць весці нейкую працу з расейскімі фанатамі – адсочваць іх паводзіны, весці перамовы, фіксаваць правапарушэнні і г.д. «Хутчэй за ўсё гэта так і будзе. Наўрад ці расейскія паліцэйскія будуць ахоўваць грамадскі парадак разам з нашай міліцыяй», – дадае праваабаронца.

Нагадаем, Еўрапейскія гульні адбудуцца ў Беларусі ў чэрвені 2019 года. У 2021 годзе ў Беларусі і Латвіі пройдзе чэмпіянат свету па хакею.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары