Што будзе, калі праз 28 год памяняць прэзідэнта?


Калі вы марыце, каб Лукашэнка сышоў, паглядзіце, як гэта можа адбыцца, на прыкладзе Казахстану. «Белсат» зняў пра гэта дакументальны фільм.

Стужка называецца «Казахстан. Сысці нельга застацца». Нашыя рэпарцёры Аркадзь Несцярэнка і Дзяніс Дзюба паехалі на месца падзеяў, каб спраўдзіць, што змянілася ў краіне пасля таго, як шматгадовы прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў дабравольна сышоў у адстаўку. Цяпер краінай кіруе Касым-Жамарт Такаеў, які перад гэтым узначальваў верхнюю палату парламенту, а яшчэ раней прадстаўляў краіну ў ААН.

ВІДЭА
Назарбаеву далі зразумець – ён павінен сысці
2019.05.01 09:00

Пераменаў жыхары Казахстану чакалі. Сярод іх – сваякі забітых у 2011-м падчас пратэстаў у Жанґаўэзене. У фільме яны распавядаюць, што ў марадзёрствах, якія пачаліся ў горадзе з-за беспарадкаў, у выніку абвінавацілі тых, каго забілі сілавікі.

Аднак Такаеў – зусім не той, каго хацелі б бачыць прэзідэнтам прыхільнікі пераменаў. Падчас пазачарговых выбараў людзі выйшлі на вуліцы: яны разумелі, што ў краіне адбываецца перадача ўлады ў рукі кандыдатуры, узгодненай з Крамлём.

Hавiны
У Казахстане на мітынгах затрымалі ўжо 4 тысячы чалавек
2019.06.18 10:40

Такім чынам, Назарбаеў сышоў, але застаўся. Але засталіся ў Казахстане і тыя, хто хоча пераменаў.

«Яны прынцыпова не з’язджаюць з краіны, хаця могуць (большасць вучылася за мяжой). Яны так і кажуць: мы тыя, хто рашуча засталіся», – распавядае Дзяніс Дзюба.

Праўда, іх меркаванне ўлады працягваюць ігнараваць.

«У рэпартажы мы даем слова тым, каго ўлады Казахстану не чуюць апошнія 30 год», – адзначае Аркадзь Несцярэнка.

Падчас здымкаў «Казахстану. Сысці нельга застацца» нашых рэпарцёраў пазналі працаўнікі казахскіх спецслужбаў. Аказалася, яны глядзяць «Белсат», і хлопцаў хутка адпусцілі. Чым скончыцца ў Казахстане транзіт улады, які абудзіў грамадства? І колькі пратрымаецца ва ўладзе новы прэзідэнт? Паглядзіце і вы (відэа вышэй).

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў