Тэмп прыросту новых выпадкаў у Беларусі – адзін з самых хуткіх у еўрапейскім рэгіёне САЗ. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю TUT.by прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.
«Эпідэмія ў Беларусі перайшла ў фазу мясцовай трансмісіі інфекцыі сярод насельніцтва, што патрабуе неадкладных дзеянняў для ўзмацнення захадаў фізічнага дыстанцыявання. Намаганняў аднаго сектара аховы здароўя на гэтым этапе недастаткова для стрымлівання і запаволення тэмпаў эпідэміі. Таму ва ўмовах адсутнасці адэкватных мераў фізічнага дыстанцыявання ў нас няма падстаў у бліжэйшы час чакаць пералому ў плыні эпідэміі і звароту яе назад», – заявіў прадстаўнік САЗ.
Паводле яго, пры захаванні існай сітуацыі, хутчэй за ўсё, будзе назірацца далейшы рост новых выпадкаў.
Бердыклычаў нагадаў, што ў рэкамендацыях САЗ Беларусі падкрэсліваецца неабходнасць перанос усіх масавых падзеяў, распаўсюд аддаленай працы і дыстанцыйнага навучання, прыпыненне дзейнасці ўсіх другарадных арганізацыяў, прадпрыемстваў і эканамічных субʼектаў і г.д.
«Такія захады запавольваюць распаўсюд віруса і дазваляюць медычным службам выйграць час, неабходны для адэкватнай падрыхтоўкі, абсталявання і пераацэнкі патрэбаў работнікаў аховы здароўя і ўстановаў у адказ на рост колькасці пацыентаў з COVID-19», – адзначыў прадстаўнік САЗ.
Ён падкрэсліў, што такі паказнік, як колькасць выпадкаў каронавіруса на 1 мільён насельніцтва, у Беларусі вышэйшы, чым ва ўсіх іншых краінах, якія мяжуюць з ёю. І нават з улікам магчымасці лабараторнай дыягностыкі краін, Беларусь апярэджвае краіны Балтыі, Фінляндыю, Славакію, якія «строга прытрымліваюцца захадаў фізічнага дыстанцыявання, што, несумненна, паўплывала на стрымліванне тэмпаў росту эпідэміі», адзначыў Бердыклычаў.
МГ belsat.eu