Няма рэпетыцыі, не будзе і параду?


Аляксандр Лукашэнка на парадзе ў 2019 годзе.
Фота: president.gov.by

Афіцыйны Менск цягам дня не даў тлумачэнняў, ці ў сувязі з адменаю другой запар рэпетыцыі адменяць і сам парад. Пра найбольш імаверны сцэнар «Белсату» распавёў незалежны эксперт.

29-га красавіка ў цэнтры Менску мелася адбыцца рэпетыцыя параду. А 21 гадзіне ўдзельнікаў прывезлі да парку Перамогі ваеннымі аўтобусамі, але неўзабаве машыны вярнуліся ў свае вайсковыя часткі. Гэта была ўжо другая адмена рэпетыцыі на гэтым тыдні. 27 красавіка адмовіліся ад рэпетыцыі роты ганаровай варты.

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін лічыць, што адмена рэпетыцыі не сведчыць аб тым, што парад адменяць ці перанясуць:

«Рэзка вырасла колькасць заражэнняў за содні. Таму збіраць вялікія масы вайскоўцаў – гэта вялікая рызыка, што да параду яны могуць захварэць. Таму ў звычайным масавым рэжыме вайскоўцы хутчэй за ўсё не будуць удзельнічаць у рэпетыцыях. Магчыма, падрыхтоўка адбудзецца ў вайсковых частках, у якіх будуць удзельнічаць дробныя падраздзяленні. Але збяруць усіх разам толькі ў дзень параду».

Сп. Алесін перакананы, што ад святкавання юбілейнай 75-й гадавіны Аляксандр Лукашэнка не адмовіцца, ня гледзячы на тое, што на такую імпрэзу сабраліся б у вялікай колькасці людзі сталага веку.

«Парад абавязкова адбудзецца. Лукашэнка заўсёды настойвае на сваім. Ён зараз грае ролю лідара, які ідзе насуперак усяму. Ён упэўнены ў сваёй пазіцыі і не сумняецца ў тым, што ён усё правільна робіць. Адмена параду для яго будзе азначаць страту аўтарытэту ў вачах усёй сусветнай грамадскасці».

Беларусь застаецца адзінаю краінай, дзе запланаваны парад на 9 траўня. Масква перанесла святкаванне на восень.

ВБ Belsat.eu

Стужка навінаў