Саудаўская Аравія дапускае любы адказ Ірану за напад на яе нафтавыя аб’екты, уключаючы ваенны. Пра гэта заявіў саудаўскі міністр замежных спраў Адэль аль-Джубэйр у інтэрвʼю Бі-Бі-Сі.
«Ніхто не хоча вайны, ніхто не хоча эскалацыі. Мы разглядаем усе даступныя нам варыянты дзеянняў у адказ. Прыйдзе час, і мы прымем рашэнне», – сказаў аль-Джубейр Бі-Бі-Сі ў кулуарах Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Эр-Рыяд лічыць Іран адказным за ракетны абстрэл і выкарыстанне дронаў пры налёце на стратэгічна важныя саудаўскія абʼекты.
«Мяч на баку іранцаў. Яны павінны перастаць весці сябе так агрэсіўна. Палітыка заспакаення не працавала з Іранам у мінулым і не прынясе плёну ў будучыні», – дадаў саудаўскі міністр.
Раней ЗША перадалі спадарожнікавыя здымкі і дадзеныя выведкі ў доказ таго, што за абстрэлам сапраўды стаіць Іран. Брытанія, Францыя і Нямеччына пагадзіліся з аргументамі Вашынгтона.
«Калі Іран працягне ісці па шляху смерці і разбурэнняў, ніхто не павінен весці з ім ніякія перамовы», – сказаў Адэль аль-Джубэйр.
У выніку атакі беспілотнікаў з выбухоўкаю на радовішчы Хураіс і Абкаік, праведзенай увечары 14 верасня, здабыча нафты ў Саудаўскай Аравіі скарацілася на 5 мільёнаў барэляў у суткі. Гэта прыкладна 5 % усёй нафты, якая здабываецца ў свеце. Адказнасць за напад на сябе ўзяў еменскі рух хусітаў, аднак дзяржсакратар Майкл Пампэёў усклаў адказнасць за атакі на Іран.
ІІ belsat.eu