Самавольныя надпісы з Берасцейскай крэпасці выдаляць, а іх аўтараў пакараюць


Пасля звароту кіраўніка арганізацыі «За свой горад» Ігара Маслоўскага Міністэрства культуры вырашыла прыбраць здымкі са сцэнамі гвалту, а таксама розныя надпісы з будынку, што месціцца на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці.

Два тыдні таму Міністэрства культуры накіравала зварот у Берасцейскі гарвыканкам: дэмантаваць банеры з будынку на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці. Бо сам будынак яўляецца аб’ектам культурнай спадчыны. Таксама трэба выдаліць надпісы з фасадаў. Берасцейскі аблвыканкам павінен арганізаваць падрыхтоўку адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да асобаў, якія парушылі закон. Гэтая праца з боку выканаўчай улады ўжо пачатая.

Міністэрства культуры загадала прыбраць надпісы і здымкі з будынку.
Фота: brestcity.com

Нагадаем, у канцы кастрычніка група асобаў на чале з былым другім сакратаром Берасцейскага гарадскога камітэту БРСМ, а цяпер кіраўніком Моладзевага патрыятычнага цэнтру на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці Пятром Піцко, самавольна нанесла надпісы на фасады будынкаў і размясцілі ў аконных праёмах уласныя фотаматэрыялы са сцэнамі гвалту з выкарыстаннем зброі. Акрамя таго яны высеклі дрэвы і кусты без адпаведнага дазволу. Заўважым, што работы вяліся нават ноччу.

Міністэрства культуры загадала прыбраць надпісы і здымкі з будынку.
Фота: brestcity.com

«Мы лічым, што патрыятызм пачынаецца не з 1941 года. На жаль, на фотаздымках моладзевага патрыятычнага цэнтру мы бачым толькі маладых людзей у форме колеру хакі. Мы ўпэўненыя, што павінны выхоўваць маладое пакаленне на прыкладах і ўроках усёй нашай тысячагадовай гісторыі. Гэта будзе справядліва для ўсіх жыхароў гораду. Мы заклікаем органы ўлады аднавіць гістарычную справядлівасць і напоўніць патрыятычнае выхаванне легендарным мінулым усіх гістарычных эпохаў нашага гораду», – заявіў Belsat.eu кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.

СА, Belsat.eu

Стужка навінаў