Румас і Мішусцін пачалі абмяркоўваюць нафту і інтэграцыю


Прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас і прэмʼер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін праводзяць перамовы ў Маскве.

Прэмʼер-міністр Сяргей Румас заявіў, што галоўнымі тэмамі перамоваў з Міхаілам Мішусціным будзе нафта, двухбаковы гандаль і развіццё еўразійскай інтэграцыі, паведамляе БелТА.

«Адно з пытанняў, якія нам сёння трэба будзе абмеркаваць, гэта пастаўкі энерганосьбітаў. І я думаю, што тая рынкавая сітуацыя, якая ёсць сёння з цэнамі на нафту, яна збліжае нашыя пазіцыі і памяншае тыя лічбавыя разыходжанні, якія ёсць сёння», – адзначыў Румас.

Ён таксама заявіў, што з пачатку году назіраецца скарачэнне гандлю Беларусі і Расеі праз зніжэнне паставак нафты, аднак адначасова і зменшылася адмоўнае сальда ў беларускім таваразвароце з Расеяй.

У сваю чаргу Міхаіл Мішусцін адзначыў, што Беларусь для Расеі з’яўляецца саюзнікам і стратэгічным партнёрам. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе споўнілася 20 гадоў з дня падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «Перакананы, што ў новым дзесяцігоддзі атрымаецца ў поўнай меры раскрыць патэнцыял дамовы», – дадаў расейскі прэмʼер.

Раней прэс-служба ўрада РФ адзначала, што падчас перамоваў плануецца абмеркаванне актуальных пытанняў расейска-беларускага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў кантэксце інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў