Румас і Мядзведзеў да лістапада ўзгодняць усе інтэграцыйныя дарожныя мапы


Беларусь і Расея знайшлі разуменне па большасці пытанняў інтэграцыйнай позвы ў Саюзнай дзяржаве, паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пасля сустрэчы з прэмʼерам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым 21 чэрвеня.

Паводле слоў Румаса, пасля папярэдняй сустрэчы прэмʼераў напрыканцы траўня перамоўныя каманды ад абедзвюх дзяржаў правялі шэраг прадуктыўных сустрэчаў і знайшлі паразуменне па большасці пытанняў.

Дзмітрый Мядзведзеў, у сваю чаргу, пацвердзіў, што з моманту апошняй сустрэчы кіраўнікоў урадаў зроблена работа па збліжэнні пазіцый.

«У працэнтах ацэньваць гэта складана, але тое, што пазіцыі збліжаюцца, гэта безумоўна так. Нам трэба сёння прайсціся па ўсіх пытаннях, якія застаюцца, дзе гэта будзе магчыма – прама цяпер вызначыцца, нейкія пытанні адкласці на іншыя кансультацыі», – цытуе БелТА расейскага прэмʼера.

Мядзведзеў падкрэсліў, што ў тэме інтэграцыі Беларусь і Расея «гавораць на адной мове».

Да лістапада бягучага году плануецца ўзгадніць усе інтэграцыйныя дарожныя карты. У абноўленай праграме дзеянняў па развіцці Саюзнай дзяржавы ў першую чаргу будуць закранутыя дарожныя карты па сектарах эканомікі.

Румас паведаміў, што пасля гэтага спатрэбіцца вялікая праца ўрадаў па карэктаванню заканадаўства, «каб агульныя рынкі маглі запрацаваць на поўную моц».

«Калі мы гаворым пра агульныя або нават па некаторых сектарах адзіныя рынкі, то разумеем, што гэта роўныя ўмовы для нашых субʼектаў гаспадарання. І не важна, зарэгістраваныя яны ў Расейскай Федэрацыі або ў Беларусі», – сказаў ён. Сяргей Румас дадаў, што роўныя ўмовы гаспадарання прадугледжваюць аднолькавыя і падаткаабкладанне, і элементы бюджэтнай палітыкі, і роўныя кошты на энерганосьбіты, і роўныя рэгулятарныя правілы.

«Гэта зʼяўляецца канчатковай мэтай інтэграцыі», – рэзюмаваў ён.

Як адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў, інтэграцыйныя пытанні, якія абмяркоўваюцца бакамі, можна ўмоўна падзяліць на тры групы: па першай групе пытанняў ёсць аднолькавае разуменне сутнасці і тэрмінаў укаранення; у другой бакі аднолькава разумеюць рашэнні ў эканамічнай і сацыяльнай сферы, але яшчэ няма тэрмінаў іх рэалізацыі; па трэцяй катэгорыі неабходна правесці дадатковыя кансультацыі.

Чаго канкрэтна датычыць трэцяя група, якая парабуе дадатковых кансультацыяў – Мядзведзеў не патлумачыў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў