Рэнэ Фазэль: «Мушу прызнаць, у Менску я крыху гуляў з агнём»


Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакею пракаментаваў сваю сустрэчу з Лукашэнкам і адрэагаваў на крытыку з боку еўрапейскіх палітыкаў і спартовай грамадскасці. Прэзідэнт IIHF заявіў, што хацеў выкарыстаць асаблівыя дачыненні з Аляксандрам Лукашэнкам, «каб зрабіць нешта добрае».

«Я хацеў выкарыстаць асаблівыя дачыненні з Лукашэнкам, каб зрабіць нешта добрае. Каб чэмпіянат свету прывёў да пэўнага кшталту прымірэння ўраду і апазіцыі. Але нешта не атрымалася, і мне гэта таксама непрыемна», – сказаў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэль у інтэрв’ю Швейцарскаму радыё і тэлевізіі пра свой візіт у Беларусь.

На пытанне, ці не былі памылкаю абдымкі з Лукашэнкам, Фазэль адзначыў, што «адна карцінка кажа больш за тысячу словаў».

«Мэтай паездкі была важная размова з Лукашэнкам пра чэмпіянат свету ў Менску. У мяне 20 гадоў добрыя стасункі з Лукашэнкам: разам гулялі ў хакей, было шмат кантактаў, у тым ліку ў 2014 годзе. IIHF хацела выкарыстаць магчымасць паразмаўляць з Лукашэнкам шчыра. Шкада, калі гэта інтэрпрэтуецца так, нібыта я пагаджаюся з падзеямі ды рэпрэсіямі ў Беларусі».

Аналітыка
Ці ўбачыць Менск чэмпіянат свету па хакеі? І хто пры гэтым чым рызыкуе
2021.01.12 16:17

Фазэль заявіў, што адмена чэмпіянату свету не зменіць сітуацыю ў Беларусі. Ён лічыць, што спаборніцтва дапамагло б у прымірэнні ўладаў і апазіцыі.

«Уявіце сабе, што мы зараз адмяняем чэмпіянат свету ў Беларусі. Гэта неяк зменіць сітуацыю ў краіне? Пэўна, што не. Лукашэнка сам сказаў, што хоча змяніць Канстытуцыю, што гатовы правесці новыя выбары. І мы дыскутуем з ім і спрабуем зрабіць нешта добрае».

Складаная сітуацыя вымусіла кіраўніка IIHF Рэнэ Фазэля наведаць беларускую сталіцу – шмат хто ўспрыняў гэта як суцэльнае падтрыманне Лукашэнкі. 45 тысяч чалавек падпісалі петыцыю за перанос хакейнага чэмпіянату свету з Менску. Лёс беларускай часткі чэмпіянату маюць вырашыць да канца студзеня. Іншае месца правядзення пакуль не вызначанае. Найбольш імавернымі варыянтамі застаюцца Прага і Браціслава. Турнір меў прайсці з 21 траўня да 6 чэрвеня ў Рызе і Менску. Пры гэтым Латвія адмаўляецца прымаць спаборніцтва разам з Беларуссю. Супраць гэтага таксама выступае віцэ-прэзідэнт IIHF Калерва Кумала.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў