Праймерыз прыпыняецца. Севярынец адмаўляецца ад далейшага ўдзелу


Рада кампаніі «Народнага галасавання» (праймерыз) пастанавіла прыпыніць з 18 сакавіка да 2 красавіка паездкі кандыдатаў па рэгіёнах праз каронавірус, распавёў «Белсату» прадстаўнік штаба Аляксей Сігаеў.

Цягам двух тыдняў з 18 сакавіка да 2 красавіка кампанія «Народнае галасаванне» прыпыняе сустрэчы з кандыдатамі ў рэгіёнах.

«Агулам на гэты час адмяняюцца 9 сустрэчаў. Але варта адзначыць, што будзем сачыць за тым, як нашая медыцына будзе спраўляцца з каронавірусам. Таксама будзем разглядаць рашэнне пра тое, каб магчыма, крыху працягнуць наш так званы «каранцін», – распавёў «Белсату» выканаўца абавязкаў кіраўніка штабу Аляксей Сігаеў.

Севярынец выйшаў

Прадстаўнік кампаніі распавёў, што прынята рашэнне правесці сустрэчу 17 сакавіка ў Баранавічах. Але гэтая паездка выклікала спрэчку сярод кандыдатаў. У выніку Павел Севярынец заявіў, што выходзіць з кампаніі.

Павел Севярынец.
Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

«Іншыя кандыдаты проста не пажадалі адмовіцца ад паездкі ў Баранавічы, паколькі выдаткавалі шмат намаганняў на яе арганізацыю. Таму адмяняць сустрэчу не ўсе пагадзіліся. А вось пасля баранавіцкай сустрэчы кандыдаты пагадзіліся на «каранцін». У сваю чаргу Павел Севярынец патрабаваў, каб адмяняліся ўсе сустрэчы адразу ж. А пасля адмовы заявіў, што выходзіць з кампаніі па абранні адзінага кандыдата. Кантрольная група пайшла перарабляць бюлетэні без прозвішча Севярынец», – сказаў Аляксей Сігаеў.

Такім чынам, у праймерыз працягнуць удзел: Юрый Губарэвіч (Рух за «Свабоду»), Мікалай Казлоў (АГП), Вольга Кавалькова (Сацыяльна-хрысціянскі рух), і Аляксей Янукевіч (БНФ).

Hавiны
Канапацкая не прайшла. У апазіцыйных праймерыз будуць удзельнічаць 5 кандыдатаў
2020.03.04 11:16

СК belsat.eu

Стужка навінаў