Расейскія ракеты лётаюць па ўсім свеце. Аб версіі крушэння ўкраінскага лайнера

Пошукава-выратавальныя працы на месцы крушэння самалёта Boeing 737 авіякампаніі «Міжнародныя авіялініі Украіны».
Фота: Rouzbeh Fouladi / Zuma Press / Forum

Сёння, 9 студзеня, у Іран прыбылі ўкраінскія спецыялісты, якія расследуюць прычыны катастрофы Boeing-737 у небе паблізу Тэгерану. Сярод іншага, яны маюць намер заняцца пошукамі абломкаў расейскай ракеты ЗРК «Тор», якая, магчыма, і збіла ўкраінскі лайнер. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў паведамляе, што ракетная атака на грамадзянскі самалёт – адна з версіяў здарэння.

Украіна ўжо мае сумны досвед падобных расследаванняў. Таму ў склад камісіі, якая прыбыла ў Тэгеран, уваходзяць і спецыялісты, якія расследавалі атаку на малайзійскі «Боінг» рэйса МН-17, збіты 17 ліпеня 2014 гады над кантраляванай Расеяй украінскай тэрыторыяй. У камісіі ёсць таксама людзі, якія ўдзельнічалі ў экспертызе фрагментаў расейскай зенітнай ракеты «Бук», якая збіла малайзійскі лайнер.

Што дыктатурам да смерці дзесяткаў?

У гэтых двух трагічных гісторыях ужо шмат агульнага. Грамадзянскі пасажырскі самалёт, зенітныя ракеты, дзясяткі і нават сотні загінулых, нефармальныя ваенныя дзеянні ў рэгіёне і галоўнае – безадказны аўтарытарны рэжым, у паветранай прасторы якога знайшлі сваю смерць сотні ні ў чым не вінаватых людзей. І ў тым, і ў іншым выпадку ўлады адразу ж здымалі з сябе адказнасць за тое, што здарылася.

Расея тады паспяшалася заявіць, што самалёт быў збіты ўкраінскімі вайскоўцамі. Іран спешна запэўніў, што прычына катастрофы чыста тэхнічная – перагрэў рухавікоў.

Hавiны
Іран апублікаваў папярэднюю справаздачу пра авіякатастрофу над Тэгеранам
2020.01.09 11:52

Мабыць у спешцы і не вельмі падумаўшы, яны дадалі, што ўкраінскі экіпаж разгарнуў самалёт для вяртання ў аэрапорт Тэгерану, але пры гэтым не запытваў у дыспетчараў ні дазволу на змяненне маршруту, ні згоды на аварыйную пасадку.

Так не бывае ў грамадзянскай авіяцыі.

Вядома, няма ніякіх важкіх падстаў сцвярджаць, што ўкраінскі самалёт быў збіты іранскімі СПА наўмысна. Калі гэта і было камусьці выгадна, то ў спісе бенефіцыяраў трагедыі, якая здарылася, Іран займае, верагодна, не першае месца. Але трэба памятаць, што інцыдэнт адбыўся роўна ў той час, калі іранскія вайскоўцы (ці то рэгулярная армія, ці то ваенізаваныя фармаванні КСІР) падверглі ракетнаму абстрэлу ваенныя базы ЗША ў Іраку.

Помста асляпляе, а жаданне іранскіх аятолаў адпомсціць ЗША за забойства Касэма Салеймані было такое вялікае, што, хутчэй за ўсё, не пакінула месца ні дбайнаму планаванню, ні звычайнай асцярожнасці, ні клопату пра магчымыя наступствы. Ды і што дыктатурам да смерці дзясяткаў, сотняў ці нават тысяч людзей? Гэта для іх «дробязі» у параўнанні з іх вялікімі мэтамі і божым наканаваннем.

Ва Украіне 9 студзеня аб’яўлена жалоба. На фота – кветкі і свечкі ля партрэтаў загінулых членаў экіпажа самалёта МАУ ў аэрапорце Барыспаль.
Фота: Pavlo_bagmut / Zuma Press / Forum

Пастаўшчык падзяляе адказнасць

У інтэрнэце, а затым і ў прэсе з’явіліся фатаграфіі фрагмента ракеты ЗРК «Тор», знойдзенага, як сцвярджаецца, у раёне крушэння самалёта. Пакуль няма дакладных звестак аб тым, дзе, калі і кім былі зробленыя гэтыя фатаграфіі. Аднак аб наяўнасці ў Ірану такіх расейскіх ракет вядома дастаткова шмат.

У студзені 2007 года Расея цалкам завяршыла пастаўку ў Іран 29 зенітна-ракетных комплексаў малой далёкасці «Тор-М1» – аўтаномнага баявога сродку, які абʼядноўвае ў сабе і сродак выяўлення, і сродак паразы. Яны былі разгорнутыя ў Іране для прыкрыцця ад паветранага нападу найважнейшых дзяржаўных і ваенных абʼектаў краіны. У далейшым спецыялісты Іжэўскага электрамеханічнага заводу «Купол» займаліся мадэрнізацыяй гэтых комплексаў, пастаўлялі запчасткі для іх, навучалі асабісты склад іранскіх узброеных сіл.

Целы загінуўшых у авіякатастрофе каля тэгеранскага аэрапорту.
Фота: Nazanin Tabatabaee / Wana News Agency / Reuters / Forum

Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі – звычайная практыка двухбаковых адносін. Такое супрацоўніцтва можа быць абмежаванае міжнароднымі санкцыямі, якія пацвердзіў Савет Бяспекі ААН, або наклалі асобныя краіны. Яно можа быць нічым не абмежаванае.

У любым выпадку, пастаўшчык зброі ў той ці іншай меры падзяляе адказнасць за далейшае выкарыстанне пастаўленага ўзбраення.

Таму міжнародная супольнасць імкнецца абмежаваць пастаўкі ўзбраенняў тым краінам, у якіх кіруюць неадэкватныя і маласвядомыя валадары. Таму ўвесь цывілізаваны свет з трывогай сочыць за тым, як дэспатычныя рэжымы спрабуюць абзавесціся зброяй масавага знішчэння.

Hавiны
Ці чакаць вялікай вайны на Блізкім Усходзе? Каментар эксперта
2020.01.08 18:47

Усё больш адчувальная пагроза для чалавецтва

Але што рабіць, калі адна дыктатура дапамагае іншай, забяспечваючы яе ўсё больш і больш сучаснай зброяй? Зараз на ўзбраенні ў Ірану не толькі зенітна-ракетныя комплексы «Тор-М1», прынятыя на ўзбраенне ў СССР яшчэ ў 1991 годзе, але і значна больш сучасныя С-200 і С-300. Акрамя таго, Расея аказвае іранцам дапамогу ў ажыццяўленні іх атамнага праекту, а Іран практычна ўжо і не хавае намераў стварыць сваю атамную бомбу.

Калі-небудзь гэтыя праблемы ўсё роўна прыйдзецца вырашаць. І справа не толькі ў Іране ці Паўночнай Карэі. У сённяшнім глабалізаваным і вельмі цесным свеце, дзе ўсе краіны так моцна залежаць адзін ад аднаго, далейшае існаванне агрэсіўных дыктатур становіцца ўсё больш адчувальнай пагрозай для чалавецтва.

Чытайце па тэме:

Фота
Авіякатастрофа пад Тэгеранам. Фота з месца аварыі
2020.01.08 17:42

Аляксандр Падрабінек для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы “Меркаванні”

Стужка навінаў