Ці чакаць вялікай вайны на Блізкім Усходзе? Каментар эксперта


Дэсантнікі 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі арміі ЗША накіроўваюцца ў Багдад пасля нападу на будынак амбасады Злучаных Штатаў, 1 студзеня 2020 года. Фота – Robyn Haake/Planetpix / Zuma Press / Forum

Чым скончыцца супрацьстаянне Ірана і ЗША і як скарыстаецца канфліктам Расея? З такімі пытаннямі «Белсат» звярнуўся да дырэктара Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеня Сівіцкага.

Доказаў таго, што ЗША і Іран рыхтуюцца да вялікай вайны – няма, лічыць Арсень Сівіцкі.

«У прыватнасці, адсутнічаюць сведчанні падрыхтоўкі да маштабнага разгортвання амерыканскіх войскаў у рэгіёне. Так, у ЗША ў рэгіёне Персідскай затоки знаходзіцца цяпер адна авіяноснай ўдарная група (для параўнання – падчас аперацыі ЗША «Ірацкая свабода» ў 2003 годзе былі задзейнічаны адразу шэсць авіяноснай ўдарных груп)».

Іран працягне апасродкаванае супрацьстаянне з ЗША

Аднак ці зможа скарыстацца сітуацыяй, якая склалася, Іран, на баку якога ў цяперашні момант – колькасная перавага і выгады ад знаходжання ў непасрэднай блізкасці да патэнцыйнага тэатру баявых дзеянняў?

«Іран, у сваю чаргу, па некаторых звестках, быў вымушаны на час адклікаць камандзіраў падраздзяленняў КВІР (Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі – заўв. Belsat.eu) і шыіцкага апалчэння з Ірака. Найбольш верагодны сцэнар у бліжэйшы час заключаецца ў наступным: Іран працягне апасродкаванае супрацьстаянне з ЗША і дзяржавамі-саюзнікамі, якія падтрымалі аперацыю па ліквідацыі Касэма Салеймані, на тэрыторыі трэціх дзяржаў (Ірака, Сірыі, Йемена і г.д.).

Пры гэтым атакі на амерыканскую ваенную інфраструктуру ў рэгіёне працягнуцца, але будуць яны здзяйсняцца ў асноўным іранскімі проксі-сіламі, а значыць, яны будуць менш маштабнымі, чым нядаўні ракетны абстрэл Іранам амерыканскіх баз у Іраку».

Сведчанні – на карысць паступовай дээскалацыі крызісу

Эксперт звяртае ўвагу на досыць мяккую рэакцыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Твітэры і факт адсутнасці ў амерыканцаў страт падчас іранскай ракетнай атакі, што, на яго думку, кажа на карысць паступовай дээскалацыі крызісу – прынамсі, да гэтага могуць імкнуцца амерыканцы:

«Зараз развіццё падзей будзе залежаць ад інтэнсіўнасці адказу з боку Ірана».

Масква ўмацуе пазіцыі

У сувязі з актыўным удзелам Расеі ў працэсах, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе, актуальным з’яўляецца пытанне аб яе патэнцыйных дзеяннях ва ўмовах абвастрэння амерыкана-іранскіх адносін і ўзнікненнем сілавога вакууму, звязанага з патэнцыйным вывадам з Ірака як мінімум часткі амерыканскіх і саюзных Вашынгтону войскаў.

«Расея вызначылася са сваёй пазіцыяй у адносінах да Ірана яшчэ на этапе ўмяшання ў сірыйскі крызіс, – адзначае Арсень Сівіцкі. – Па факце, гэта ўмяшанне прывяло да таго, што Масква перахапіла ў Тэгерана ўплыў на Дамаск. Дзякуючы гэтаму Масква змагла паспяхова «прадаць» стрымліванне Ірана ў Сірыі шэрагу рэгіянальных гульцоў, перш за ўсё, Ізраілю і Саудаўскай Аравіі».

У выніку ліквідацыі Касэма Салеймані пазіцыі Тэгерана і праіранскіх сіл у Дамаску істотна пахіснуцца, Масква стане аказваць яшчэ больш важкі ўплыў на палітычныя працэсы ў Сірыі, практычна цалкам выцесніўшы іранскі фактар. У сваю чаргу, Іран, хутчэй за ўсё, зможа значна ўзмацніць свае пазіцыі ў Іраку на фоне супярэчнасцяў паміж Багдадам і Вашынгтонам з-за амерыканскай ваеннай прысутнасці, а таксама асаблівай пазіцыі Турцыі. Расея прадоўжыць эфектыўна гуляць як на шыіцка-суніцкіх супярэчнасцях, так і на канфліктах ЗША з саюзнікамі ў рэгіёне, лічыць Арсень Сівіцкі.

  • Генерала Касэма Салеймані забілі 3 студзеня ў Багдадзе на загад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пасля таго, як шыіцкія дэманстранты напалі на амерыканскае пасольства ў Іраку.
  • Салеймані кіраваў «Кудс» – шматлікімі сіламі спецыяльных аперацый у складзе Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана. «Кудс» сталі ледзьве не галоўным сродкам, з дапамогай якога Іран праводзіць сваю палітыку ў суседніх краінах.
  • Пасля ліквідацыі Салеймані Іран заявіў, што распрацаваў 13 сцэнарыяў помсты ЗША, а Трамп паабяцаў нанесці ўдар па 52 цэлях у Іране, калі амерыканцы будуць атакаваныя.
  • Ноччу 8 студзеня Іран нанёс удар балістычнымі ракетамі па дзвюх базах ЗША ў Іраку – у Аль-Асадзе і Эрбіле – у рамках абвешчанай аперацыі «Пакутнік Салеймані».

Чытайце па тэме:

Іван Лысюк/АА belsat.eu

Стужка навінаў