Рада развіцця прадпрымальніцтва засталася без Раманчука і бізнес-саюзаў, але з алігархамі


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 траўня падпісаў указ № 173, які надаў новыя паўнамоцтвы Радзе развіцця прадпрымальніцтва і змяніў яе склад. Замест 26 чалавек у радзе засталося толькі 20.

У прыватнасці, з рады былі выключаныя эканаміст Яраслаў Раманчук ды кіраўнікі бізнес-асацыяцыяў: дырэктарка Бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя М.С. Куняўскага Жанна Тарасевіч, старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец, старшыня «БелАПП» Анатоль Харлап.

Hавiны
Лукашэнка скасаваў указ пра ілжэпрадпрымальніцтва
2019.04.19 09:14

Таксама са спісу чальцоў выключылі дырэктара «Баро» Васіля Баранчука, гендырэктара Беларускага фонду падтрымання прадпрымальнікаў Паўла Горбача, дырэктара «Фрэор Рэфрыгерайшн» Юрыя Звыцэвіча, дырэктарку ТАА «Светлагорскі дзелавы партнёр» Жанну Рогаву, гендырэктара «Белатміту» Барыса Цыпорына ды прэм’ер-міністру Сяргея Румаса, які заняў сваю пасаду ў 2018 годзе.

Захавалі свае пазіцыі беларускія «алігархі»: Павел Тапузідзіс («Табак-Інвест»), Валянцін Байко («Контэ Спа»), Віктар Лемяшэўскі («Пак-кіраванне»), Уладзімір Лінёў («Адані»), Мікалай Мартынаў («Марка»), Аляксандр Машэнскі («Санта Імпэкс Берасце»), Сяргей Навіцкі («Хенкель Баўтэхнік»), Андрэй Серыкаў («Марк Фармэль»), Мікалай Сілінаў («Альянспласт»), Андрэй Смоляр («Інтэртрансаўта»), Аляксандр Шакуцін («Амкадор»), а таксама дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі ды Андрэй Жышкевіч («Банк развіцця»).

Уключаныя ў склад рады кіраўнікі «Сервалюкс» Яўген Баскін, «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» Аляксандр Дзянісаў, «Астоінвест» Надзея Мацвяёнак, групы кампаній «Протас» Мікалай Сыса, Тураўскага малочнага камбінату Ігар Чарняўскі.

На пасадзе кіраўніка рады застаўся першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын.

Hавiны
У Менску затрымалі топ-менеджара буйнога прамысловага прадпрыемства
2019.05.10 11:06

Паводле ўказу, прадпрымальніцкія саюзы і асацыяцыі, уключаныя ў лік афіцыйных партнёраў, змогуць уносіць прапановы для разгляду на пасяджэнні Рады, а іх прадстаўнікі – удзельнічаць у пасяджэннях, абмеркаваннях, вынесеных на іх пытанняў, атрымліваць пратакол пасяджэння. Рада павінна сфармаваць такі пералік.

«Імітацыі стане менш»

У каментары belsat.eu цяпер ужо былы чалец Рады, эканаміст Яраслаў Раманчук адзначыў, што «Рада не спрыяла развіццю прадпрымальніцтва і спрыяць не будзе».

«Лукашэнка назваў сябе амбудсмэнам, а абмудсмэн мусіць мець нейкую раду, якая б была вачамі і голасам малога і сярэдняга бізнэсу, прадпрымальніцтва», – адзначыў ён.

Аднак, паводле яго, кіраўнік Рады Аляксандр Турчын, хоць і «добры мужык, але не баец, не гулец на баку прадпрымальнікаў». І з выключэннем з яе склады прадстаўнікоў бізнэс-асацыяцый і іншых незалежных людзей Рада пераўтварылася ў «Раду закладнікаў перад прэзідэнтам, якія будуць казаць толькі тое, што трэба перад прэзідэнцкай і парламенцкай кампаніямі».

Яраслаў Раманчук адзначыў, што ўжо і раней была спроба пераўтварыць Раду ў свайго кшталту дэпартамент Міністэрства эканомікі.

«Калі табе за тры дні прысылаюць буйны дакумент і кажуць даць свае рэкамендацыі і заўвагі. Ніхто потым іх не распрацоўваў, не выкрэсліваў. Мае спробы прапанаваць парадак дня, рабіць прамоцыю прадпрымальніцтва скончыліся тым, што ніхто нават не размаўляў наконт майго плану», – распавёў эканаміст.

На яго думку, калі раней Рада імітавала падтрыманне прадпрымальніцтва, то «цяпер будзе менш імітацыі».

«Паказалі прадпрымальнікам моркву і нават не далі яе ўкусіць», – заявіў ён.

Прычыны гэтага Яраслаў Раманчук бачыць у адсутнасці попыту на рэформы, тады як «ёсць попыт зусім на нешта іншае».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў