Пятро Парашэнка ўручыў украінскі пашпарт былому РНЕшніку з Беларусі


У Расеі Сяргей Кароткіх вядомы як адзін з кіраўнікоў экстрэмісцкай арганізацыі «Нацыянальна-сацыялістычная супольнасьць». У Беларусі быў сябрам Рускага нацыянальнага адзінства, – адзначае «Belaruspartisan.org».

Падчас сустрэчы прэзідэнта Украіны з вайскоўцамі, якія абараняюць Данецкі аэрапорт, Пятро Парашэнка ўручыў Сяргею Кароткіх (цяпер камандзір выведкі ў батальёне «Азоў») пашпарт грамадзяніна Украіны.

«Быць грамадзянінам Украіны стала модна, прэстыжна, я ганаруся гэтым і з задавальненнем уручаю Вам пашпарт», – сказаў Пятро Парашэнка.

«Служу народу Украіны», – падзякаваў украінскаму прэзідэнту Сяргей Кароткіх. Пасля ўзнагароджання жаўнер адзначыў, што паходзіць з Расеі і шмат гадоў быў грамадзянінам Беларусі, – паведамляе «Рravda.com.ua».

«Я вельмі рады, што атрымаў грамадзянства Украіны. Я да гэтага ішоў восем месяцаў», – кажа хлопец.

Сёлета некалькі валанцёраў і добраахвотнікаў, якія ваююць супраць прарасейскіх баевікоў на ўсходзе Украіны, звярнуліся да Пятра Парашэнкі з просьбай надаць Сяргею Кароткіх украінскае грамадзянства. Станоўчае рашэнне па гэтым пытанні прыняла адмысловая камісія пры прэзідэнце Украіны.

Герой РНЕшнік?

Сяргей Кароткіх нарадзіўся ў Расеі, дзе ён вядомы як адзін з кіраўнікоў экстрэмісцкай арганізацыі «Нацыянальна-сацыялістычная супольнасць». У Беларусі быў сябрам Рускага нацыянальнага адзінства (РНЕ). У гэтую арганізацыю Кароткіх (мянушка Малюта) трапіў дзякуючы Валеру Ігнатовічу (асуджаны за выкраданне і забойства тэлежурналіста Змітра Завадскага). У канцы 90-х Малюта мог удзельнічаць у акцыях РНЕ супраць дэмакратычных актывістаў, – паведамляе «Svaboda.org».

У 2013 годзе Малюта браў удзел у нападзе з нажом на трох антыфашыстаў у Менску і пазбег адказнасці.

Па некаторых звестках Сяргей Кароткіх супрацоўнічаў з расейскімі і беларускімі спецслужбамі.

ЮВ, паводле president.gov.ua

Стужка навінаў