Пуцінскі клін паміж Беларуссю і Літвою. Прычым тут Каліноўскі?

ВІДЭА

Гатовасць Захаду адказаць на гібрыдную вайну Расеі. Тэма Віленскага форуму бяспекі не пакідае сумневаў, каго краіны NATO бачаць у ролі галоўнага ворага. Літоўская сталіца гэтымі днямі сабрала найлепшых экспертаў, каб абмеркаваць пытанні міжнароднае бяспекі. А мы пытаем, якую ролю ў супрацьстаянні Захаду і Расеі адыгрывае Беларусь. У матэрыяле Вольгі Жарнасек.

Пагроза, якой не відаць няўзброеным вокам. Кібератакі, фабрыкі троляў, спробы ўплыву на мясцовых палітыкаў – гэта толькі частка інструментаў гібрыднае вайны, якую вядзе Масква супраць Вільні.

«Усялякія спробы дыскрэдытаваць, паказаць, што Літва – нібыта няўдалая краіна, што ўсе нібыта з’ехалі, што людзей не засталося, што эканоміка падае», – упэўнены літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс, праектны дырэктар «Freedom House».

Гібрыдная пагроза з боку Расеі стала асноўнаю тэмаю Віленскага форуму бяспекі, а таксама Балтыйскай вайсковай канферэнцыі ў межах мерапрыемства. Асаблівую ўвагу эксперты звярнулі на пытанне энергетычнай незалежнасці краінаў Балтыі.

Вітаўтас Бакас, старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы, упэўнены:

«У наш час энергарэсурсы таксама ёсць часткаю гібрыднае вайны».

А таму цягам апошніх гадоў краіны Балтыі актыўна працуюць над змяншэннем залежнасці ад расейскіх энергарэсурсаў.

«Мы пабудавалі адмысловы тэрмінал, які можа забяспечыць увесь рэгіён, і Беларусь у тым ліку, газам, як альтэрнатыва. Таксама мы спрабуем выйсці з кола BRELL (адзінае энэргетычнае кола, якое аб’ядноўвае Беларусь, Расею, Эстонію, Латвія і Літву – заўв. рэд.)», – дадае Вітаўтас Бакас.

Літва, Латвія ды Эстонія дагэтуль працуюць у сінхронным рэжыме з постсавецкаю сістэмай у коле BRELL і залежаць ад расейскай электраэнергетычнай сеткі.

Але гэта мае змяніцца ўжо неўзабаве. Літаральна ў аўторак у Бруселі падпісалі дамову аб фінансаванні першага этапу сінхранізацыі сетак з кантынентальнай Еўропаю. На гэтыя мэты Еўразвяз вылучае 324 мільёны еўраў.

Лаўрынас Касчунас з Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы ўпэўнены:

«Тут вялікі выклік – адключыцца ад постсавецкай прасторы, ад сістэмы BRELL і навучыцца быць незалежнымі, генераваць электраэнергію самастойна, каб пасля ўвайсці ў еўрапейскую прастору».

Але пагрозы зыходзяць не толькі з тэрыторыі Расеі, мяркуюць у Вільні. Адна з іх – Астравецкая АЭС – літаральна ўзвышаецца над беларуска-літоўскаю мяжою за 30 кіламетраў ад літоўскае сталіцы.

«Калі ты ў Вільні зайшоў кудысьці вышэй ды можаш бачыць гэтую станцыю, контуры гэтай станцыі і дакладна не ведаеш, якія там гарантыі, працэдуры ды гэтак далей, мы мусім пра гэта казаць і ўключаць усе рычагі», – дадае Лаўрынас Касчунас.

Пуцін сыдзе і захопіць з сабою Лукашэнку

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы на працягу апошніх гадоў істотна сапсавала адносіны на лініі Менск–Вільня. І гэта таксама частка гібрыднае вайны Расеі супраць Літвы, перакананыя літоўскія палітыкі.

Аўдронюс Ажубаліс, былы міністр замежных справаў Літвы, кажа:

«Астравецкая атамная электрастанцыя – гэта адзін з найбольш паспяховых праектаў Крамля. Не толькі таму, што ён сапсаваў адносіны паміж афіцыйнаю Вільняй і афіцыйным Менскам, але і паміж нашымі нацыямі».

Літва афіцыйна прызнала Астравецкую АЭС пагрозаю для сваёй бяспекі. З самога пачатку афіцыйная Вільня патрабавала спыніць будаўніцтва, якое вядзецца з парушэннямі правілаў бяспекі і без выканання міжнародных стандартаў. Цяпер, на фінальнай стадыі праекту, літоўскі бок прапанаваў альтэрнатыўны варыянт.

«Літоўскі бок выказаў сваю прапанову, каб зрабіць замест Астравецкай атамнай электрастанцыі газавую электрастанцыю. Гэта канкрэтная тэхнічная прапанова суседзяў. Я думаю, што беларускі бок мусіць яе разглядаць больш адкрыта і больш часу на гэта выдаткаваць», – распавядае Томас Тамілінас з Камісіі ў пытаннях энергетыкі Сейму Літвы.

Аднак улады Беларусі ўсцяж ігнаруюць закіды Літвы. Зрэшты, атамная электрастанцыя будуецца расейскаю кампаніяй і за расейскія грошы.

Паводле Аўдронюса Ажубаліса, Беларусь выкарыстоўваецца Расеяй, каб аслабіць літоўскае грамадства, каб аслабіць суседнія грамадствы, у тым ліку Польшчу, выкарыстоўваючы розныя інструменты.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка атрымаў запрашэнне ад прэзідэнта Польшчы наведаць урачыстасці з нагоды гадавіны пачатку Другое сусветнае вайны. Міжнародная сустрэча мае адбыцца 1 верасня ў Варшаве з удзелам краінаў NATO, Еўразвязу і «Усходняга партнёрства».

Прэзідэнт Польшчы запрасіў Лукашэнку ў Варшаву

«Беларусы – гэта народ, які таксама зазнаў вялікія страты ў той час, і трэба быць разам. Прэзідэнт цяпер такі – ну што ж. Давайце быць разам», – заклікаў Лаўрынас Касчунас з Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы.

Улады Беларусі не раўняюцца беларусам, падкрэсліваюць у Літве, і шукаюць супольныя кропкі. Хаця б у гісторыі.

«Гэта сусед, важны сусед, гістарычны сусед. І пытанне, калі ты жывеш у адным пад’едзе і ў цябе сусед, які дзверы пад’езду адчыняе каму-кольвек ці дзіўным людзям. Вось гэта роля Беларусі. У гэтыя дні мы ўзгадваем Кастуся Каліноўскага. Вось калі б сусед быў бы, як Кастусь Каліноўскі, які змагаўся супраць царскай імперыі, гэта было б цудоўна», – упэўнены палітолаг Віціс Юрконіс.

Днямі споўнілася роўна 155 гадоў з таго дня, калі Кастуся Каліноўскага публічна павесілі на Лукішскай плошчы ў Вільні. Адзін з лідараў нацыянальна-вызваленчага паўстання стаў героем адначасова для беларусаў, літоўцаў і палякаў. І менавіта таму на Віленскай канферэнцыі бяспекі хацелі б бачыць Беларусь не ў ролі патэнцыйнай пагрозы, а ў ролі партнёра.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 22.03.2019

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары