Пуцін і Лукашэнка ў Маскве распачалі перамовы


Кіраўнікі Расеі і Беларусі – Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка – абмяркуюць падчас сустрэчы ў Маскве 25 снежня нюансы, якія звязаныя з падатковым манеўрам у нафтавай сферы. У Крамлі прызналі наяўнасць разыходжанняў у пазіцыях Масквы і Менску па пытанні кампенсацыі і заявілі, што дыялог па гэтай тэме будзе працягнуты.

Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

«Ёсць нюансы ў падыходах у сувязі з рэалізацыяй манеўру, якія трэба будзе абмеркаваць лідарам Расеі і Беларусі. Мы ведаем, што гэтае пытанне досыць востра ставіцца нашымі беларускімі партнёрамі, таму напэўна нашы калегі будуць ставіць гэтае пытанне, дыялог будзе працягнуты», – сказаў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Hавiны
Лукашэнка: Я больш не называю Расею «братняй дзяржавай»
2018.12.24 21:57
  • «Падатковы манеўр», які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • «Ультыматум Мядзвездзева» – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў