Тэлеграм-канал «Пул Первого» выступіў з каментаром адносна абвешчанай працэдуры абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2020 года.
Аўтар тэлеграм-каналу (паводле расследавання «Белсату», гэта можа быць прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант) робіць прагноз, што «не будзе ад апазіцыі адзінага кандыдата».
«Чаму не будзе кандыдата? Пералаюцца. Ужо ёсць чуткі, што тыя партыі, чые кандыдаты не перамогуць на «выбарах за права ўдзелу ў выбарах», акуратна «не пагодзяцца» з чым-небудзь. І выставяць свайго прэтэндэнта па-за правацэнтрысцкага конкурсу», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле яго, «шмат гадоў апазіцыя не можа дамовіцца паміж сабой – і прызнаць гэта таксама не можа», а патрабаванні да адзінай праграмы кандыдата – «максімальна гучныя і агульныя загалоўкі».
У прыватнасці, была раскрытыкаваныя ідэя выхаду з Саюзнай дзяржавы.
«Але ніхто нічога рабіць не збіраецца. Ідэі для перадвыбарнай праграмы просяць згенераваць… інтэрнэт-карыстальнікаў. Увогуле, сумна будзе», – піша «Пул Первого».
27 студзеня шэраг апазіцыйных структураў (Рух «За Свабоду», АГП, БСДП, партый БХД і БНФ) правялі супольную прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі пра пачатак працэдуры абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты.
Агульны кандыдат будзе абраны паводле чатырох складнікаў: галасавання пад час паездак у рэгіёнах (30 балаў), галасавання ў інтэрнэце (30 балаў), галасавання на выніковым Кангрэсе дэмсілаў (30 балаў). Яшчэ 10 балаў падтрымкі размяркуюць паміж удзельнікамі структуры, якія арганізуюць працэдуру.
Прыняць удзел у праймарыз можна як ад рэспубліканскай арганізацыі, так і прадставіўшы наяўнасць каманды з 200 актывістаў. Кожны з удзельнікаў робіць унёсак у эквіваленце 500 еўра для арганізацыі праймарыз. Сродкі ідуць на паездкі па рэгіёнах, арганізацыю Кангрэсу дэмакратычных сіл і стварэнне платформы для галасавання.
Кожны прэтэндэнт павінны выступаць за незалежную Беларусь і супраць дыктатуры, за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзянаў, за выхад Беларусі з АДКБ, скасаванне дамовы аб саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі і вывад замежных ваенных аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі, за развіццё беларускай мовы і культуры, за добрасуседскія раўнапраўныя стасункі з ЕЗ, ЗША, Расеяй і іншымі краінамі. Адзіны кандыдат таксама лічыць недапушчальным умяшанне вонкавых сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі.
МГ belsat.eu