«Прынцыповыя рознагалоссі па Саюзнай дзяржаве знятыя», – расейскі міністр


Прынцыповыя рознагалоссі паміж Расеяй і Беларуссю па супрацы ў рамках Саюзнай дзяржавы знятыя. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік Міністэрства эканомікі і развіцця РФ Максім Арэшкін па выніках сустрэчы прэм’ераў дзвюх краін.

«Цяпер усе прынцыповыя рознагалоссі практычна знятыя. Усе дамоўленасці дасягнутыя, зараз чакае вельмі вялікая праца», – сказаў Арэшкін.

Ён растлумачыў, што цяпер гэтая праца будзе весціся на ўзроўні рабочай групы, а праз нейкі час прэмʼер-міністры завершаць дамоўленасці, якія раней былі дасягнуты прэзідэнтамі ў Санкт-Пецярбургу.

«Я думаю, на працягу месяца дакладна. Гэта такі крайні тэрмін, каб паспець правесці працу да снежня», – паведаміў Арэшкін.

Ён таксама адзначыў, што пасля гэтага ўзгаднення «вялікія групы спецыялістаў з расейскага і беларускага боку будуць весці няпростую працу, звязаную з гарманізацыяй заканадаўства». У чым канкрэтна будзе заключацца «гарманізацыя», расейскі міністр не ўдакладняе.

Раней паведамлялася, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас ліпеньскай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу не змаглі ўзгадніць шэраг прынцыповых пытанняў па далейшай інтэграцыі.

КА belsat.eu, паводле tass.ru

Стужка навінаў