Прэзідэнцкія выбары. Гомельскія актывісты патрабуюць хутчэй абраць адзінага кандыдата


Удзельнікі сходу актывістаў дэмакратычных арганізацыяў Гомельскай вобласці выступілі з заявай, у якой запатрабавалі ад кіраўніцтва апазіцыйных партыяў і арганізацыяў найбліжэйшым часам вызначыцца з адзіным кандыдатам на прэзідэнцкія выбары 2020 года.

«Эфектыўна супрацьстаяць аўтарытарызму і пагрозе страты незалежнасці краіны можна толькі пры наяўнасці адзінства і палітычнай волі пераважнай большасці апазіцыі», – гаворыцца ў заяве.

Аб’ектыў
Лідзія Ярмошына не паспявае: ЦВК не зменіць выбарчы кодэкс
2019.11.22 21:54

Гомельскія апазіцыянеры патрабуюць ад лідараў апазіцыйных партыяў і арганізацыяў «на працягу месяца-двух вызначыцца з адзіным кандыдатам у прэзідэнты, які застанецца лідарам аб’яднанай апазіцыі пасля прэзідэнцкай кампаніі 2020 года».

Паводле іх, «ужо нецікавыя працэдуры і механізмы выхаду на адзінага, важны сам вынік».

Таксама ад апазіцыйных лідараў патрабуюць прыступіць да фармавання каманды і ініцыятыўнай групы адзінага кандыдата, а таксама да збору сродкаў для правядзення прэзідэнцкай кампаніі.

У выпадку адсутнасці адзінага кандыдата актывісты пакідаюць «за сабой права адмовіцца ад удзелу ў камандах дэмакратычных прэтэндэнтаў».

Hавiны
Ярмошына прапануе прызначыць прэзідэнцкія выбары на дзень народзінаў Лукашэнкі
2019.04.21 20:21

У каментары belsat.eu актывіст Васіль Палякоў адзначыў, што заяву прымалі прадстаўнікі разнастайных арганізацыяў і партыяў Гомельшчыны, перадусім Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды «Руху за свабоду».

«Гэты мэсідж адрэсаваны ў першую чаргу лідарам правацэнтрыстаў, бо ўжо даўно вядуцца размовы, ідуць перамовы, узгадняюцца працэдуры, але выніку пакуль няма. Таму галоўная мэта – падштурхнуць, каб ужо быў нейкі вынік і каб ужо можна ўжо было займацца справамі», – паведаміў Васіль Палякоў.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына раней распавядала, што прэзідэнцкія выбары, на яе думку, найлепей прызначыць на 30 жніўня 2020 году. То бок, да іх засталося 8 месяцаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў