Лідзія Ярмошына не паспявае: ЦВК не зменіць выбарчы кодэкс


«Мы не паспяваем». Лідзія Ярмошына на адмысловай прэс-канферэнцыі заявіла, што Выбарчая камісія Беларусі не паспявае ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства перад прэзідэнцкімі выбарамі. «Не паспявае» Цэнтральная выбарчая камісія перад кожнымі выбарамі.

Зменаў у выбарчым заканадаўстве не будзе. Аб гэтым сёння Лідзія Ярмошына заявіла на прэс-канферэнцыі. Раней назіральнікі ад АБСЕ прыйшлі да высновы, што прававая база ў Беларусі не стварае ўмоваў для дэмакратычных выбараў. Але заклікі міжнароднай супольнасці чарговы раз засталіся не пачутымі ўладамі Беларусі. У тым ліку Ярмошына заявіла, што ЦВК падала апеляцыю ў Міністэрства замежных справаў на афіцыйную заяву АБСЕ.

Глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

«Па колькіх участках АБСЕ выражае сумнеў? Па 13, згодна з іхным меркаваннем, у 13 быў укід бюлетэняў, а ў 12 недакладныя. 25 – менш за палову працэнта. Пра што тут можна казаць? Самі па сабе лічбы нічым не абвергнутыя, не заўважныя. І гэта кажа аб тым, што агулам выбары прайшлі няблага», – зазначыла яна.

АБСЕ не прызнала вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў у Беларусі. Асабліва шмат прэтэнзіяў у міжнародных назіральнікаў было да працэдуры падліку галасоў. Апошнія змены ў выбарчае заканадаўства ў Беларусі ўносілі ў 2013 годзе.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu