Дутэртэ забіваў падазраваных у злачынствах, бо хацеў даць прыклад паліцыянтам: «Калі я магу – чаму не можаце вы?».
Прэзідэнт Радрыга Дутэртэ, вядомы паводле сваіх заклікаў забіваць наркадылераў, заявіў, што асабіста забіваў падазраваных у злачынствах, калі быў мэрам паўднёвафіліпінскага гораду Давао.
«У Давао я звычайна рабіў гэта асабіста. Проста каб паказаць хлопцам [афіцэрам паліцыі], што калі я магу зрабіць гэта, чаму яны не могуць», – распавёў Дутэртэ пра свае дваццаць гадоў на пасадзе мэра паўтарамільённага гораду.
«Я ездзіў па Давао на матацыкле, проста патрулюючы вуліцы і шукаючы праблемы», – цытуе Дутэртэ «The Guardian».
На пасадзе мэра Дутэртэ атрымаў мянушку Дутэртэ Гары – паводле аналогіі з героем Клінта Іствуда ў фільме «Брудны Гары», які выкарыстоўваў жорсткія метады ў дачыненні да злачынцаў.
Прэзідэнт Філіпін заклікаў філіпінцаў і супрацоўнікаў правапарадку забіваць наркаманаў і наркагандляроў, але пры гэтым заяўляў, што ён і яго сілавікі ня парушаць закон.
«Застрэль яго, а я дам табе медаль», – заяўляў Радрыга Дутэртэ.
У вайне з наркадылерамі на Філіпінах было забіта ўжо 5 тыс. чалавек.
ДД