Прэзідэнт Філіпінаў заклікае забіваць наркадылераў


Пераможца прэзідэнцкіх выбараў на Філіпінах Радрыга Дутэртэ звярнуўся да суайчыннікаў з заклікам забіваць тых, хто распаўсюджвае наркотыкі.

«Паведамі нам, паліцыі альбо зрабі гэта сам, калі маеш вінтоўку – у цябе ёсць маё падтрыманне», – заявіў Дутэртэ, 6-гадовае прэзідэнцтва якога распачнецца 30 чэрвеня.

71-гадовы палітык звярнуўся да суайчыннікаў падчас сваёй прамовы, якая транслявалася на тэлебачанні, у суботу 4 чэрвеня. Ён заявіў: калі дылер супраціўляецца арышту альбо дастаўцы ў паліцэйскі ўчастак, пагражаючы агнястрэльнай зброяй ці нажом, то «можна яго забіць».

«Застрэль яго, а я дам табе медаль», – заявіў Радрыга Дутэртэ.

Ён вядомы вайной з наркамафіяй, якую зладзіў, зʼяўляючыся мэрам гораду Давао. А таксама падазраецца ў тым, што адыграў пэўную ролю ў дзейнасці матацыклетных «эскадронаў смерці» ў гэтай трэцяй па велічыні гарадской агламерацыі Філіпінаў.

Аднак Дутэртэ ніколі не быў абвінавачаны, бо не знайшлося сведкаў, якія былі б гатовыя даць сведчанні.

НМ, belsat.eu, паводле PAP, крыніца фотаздымку

Стужка навінаў