Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек. Хто яны?


Праваабарончая супольнасць Беларусі 22 студзеня прызнала палітвязнямі яшчэ пяць чалавек. Такім чынам, агульная колькасць палітзняволенных дасягнула 190 чалавек. Пра гэта паведамляе spring96.org.

22 студзеня праваабаронцы прызналі палівязнямі Аляксандру Патрасаеву і Аляксандра Рэзніка, якім выстаўлена абвінавачванне паводле ч.2 арт. 293 КК («Масавыя закалоты»), а таксама Міхаіла Феранца, Віталя Шчэрбіча і Рэнату Смірнову, якім прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Праваабаронцы патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

Палітзняволеная Рэната Смірнова. Фота з сацсетак

Рэнаце Смірновай 19 гадоў, супраць яе распачалі крымінальную справу за ўдзел у пратэставым маршы 1 лістапада. Спачатку дзяўчыну адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але потым узялі пад варту. Падчас следства Рэната знаходзілася ў жодзінскім СІЗА ў адной камеры з палітзняволенай журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай. Цяпер Смірнову перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, 28 студзеня мусіць распачацца суд над дзяўчынай.

«Маёй дачцэ 19 гадоў, яна любіць літаратуру, філасофію і добрае кіно. Ёй можна пісаць на рускай, па-беларуску, in English, po polsku. Марыць стаць рэжысёрам, плануе паступіць на філасофскі і асвоіць французскую мову», – распавяла праваабаронцам пра Рэнату яе маці.

Даведка

Аляксандры Патрасаевай 21 год. Яна нарадзілася ў вёсцы Вілейскага раёна, у 6 гадоў стала круглай сіратой. Выхоўвалася ў Чурлінскім вучэбна-педагагічнага комплексе.

Дзяўчына была затрыманая ў ноч з 10 на 11 жніўня ў Менску. Тады яна выйшла на вуліцу з намерам аказваць медычную дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, мела з сабой рэспіратары, бінты і перакіс. Трапіла пад абстрэл і аблаву, спрабавала ўцячы, але наткнулася на АМАП. Тры дні знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, дзе перажыла катаванні: збіццё, знявагі, абразы, яе пагражалі згвалтаваць. Па яе расказах, яе прымушалі распранацца, уставаць на расцяжку і пры гэтым без перапынку збівалі, прычым збіццём займалася жанчына. Затым яе адпусцілі. 30 кастрычніка Аляксандра была зноў затрыманая – цяпер ужо паводле крымінальнага абвінавачвання. Цяпер знаходзіцца ў СІЗА-1 у Менску.

Палітвязень Міхаіл Феранец. Фота – prisoners.spring96.org

32-гадовы Міхаіл Феранц, паводле праваабаронцаў, мае грамадзянства Украіны, ён быў затрыманы 16 верасня. Спачатку ў дачыненні Міхаіла была вынесена пастанова аб высылцы ў прымусовым парадку з Беларусі, а таксама аб затрыманні на тэрмін, неабходны для выканання высылкі. Аднак 1 кастрычніка рашэнне аб высылцы было прыпынена.

Палітвязень Віталь Шчэрбіч. Фота – prisoners.spring96.org

43-гадовы Віталь Шчэрбіч быў затрыманы 17 лістапада, цяпер ён утрымліваецца ў жодзінскім СІЗА. Віталь працуе ў медычнай лабараторыі «ИНВИТРО», адказвае за реагентыку. Захапляецца навуковай фантастыкай, яздой на матацыкле, у сябе дома сабраў 3d-прынтар.

«Вельмі спагадны, добры, з пачуццём справядлівасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Любіць сваю сям’ю. »З паветра« здольны сабраць тэлескоп, каб разглядаць з сынамі зорнае неба, 3D-прынтар, каб друкаваць для іх цацкі і любое іншае абсталяванне, якое прадстаўляе для яго і яго дапытлівага асяроддзя цікавасць», – распавяла праваабаронцам пра Віталя ягоная жонка.

Аляксандру Рэзніку 23 гады. Ён быў затрыманы 29 верасня ў Менску.

Нагадаем, у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі ў Беларусі было распачата больш за 1000 крымінальных справаў. Па стане на 23 студзеня 190 чалавекі з гэтага спісу з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Раней у інтэрвʼю «Белсату» намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначаў, што людзей, якія патэнцыйна застаюцца палітзняволенымі, значна болей, таму іхная колькасць будзе расці. «Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні», – падкрэсліваў ён.

Hавiны
«Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні». Што трэба ведаць пра суды ў крымінальных палітычных справах
2021.01.08 07:00

belsat.eu

Стужка навінаў