Прафесар Гантмахер: Беларусь больш цесна з Расеяй ніколі не зблізіцца


Несяброўскія стасункі з дробнымі ўколамі паміж Пуціным і Лукашэнкам працягнуцца, а кіраўнік Расеі не настроены, каб ваяваць адкрыта, так мяркуе адзін з самых вядомых эканамістаў Расеі прафесар Яўгеній Гантмахер. Ён браў удзел у Еўрапейскім эканамічным форуме ў г. Катавіцэ ў Польшчы, дзе Аляксандр Папко запісаў з ім інтэрв’ю.
Што чакае эканоміку Расеі ў бліжэйшае шасцігоддзе прэзідэнцтва Пуціна: эканамічны рост, стагнацыя ці падзенне ў эканамічны крызіс?
На бліжэйшыя год-два, напэўна, можна сказаць з упэўненасцю, будзе абсалютна інерцыйны варыянт. Ніякіх сапраўдных рэформаў не будзе. Будзе спроба неяк нешта касметычна падправіць, але трэба мець на ўвазе, што кошты на нафту выраслі. Хто ведае, «Merrill Lynch» дае прагноз, што будзе сто долараў за барэль.
А што гэта азначае? Гэта азначае, што ў расейскай дзяржавы зʼяўляецца шмат дадатковых грошай і можна, нічога не змяняючы з гледзішча інстытутаў, пунктава развязваць нейкія сацыяльныя пытанні. Пенсіі крыху падняць. Крыху грошай даць на ахову здароўя.
Таму я не думаю, што гэта будзе час нейкага адкрытага крызісу. Ёсць фактары, якіх мы зусім не можам прадказаць. Дапусцім, чарговыя амерыканскія санкцыі. Цяжка сказаць, як гэта ўсё будзе, але калі глядзець, як гэта складаецца, – не, гэта вялае развіццё тэмпу росту дзесьці 1–2 % ВУП, не больш за тое. Але ніякіх прарываў, пра якія Пуцін казаў у сваёй прамове падчас інагурацыі ды паслання прэзідэнта, якое было 1 сакавіка, не будзе.
Ці будуць у Расеі бліжэйшым часам грошы на палітычныя авантуры, як далучэнне Крыму ці падтрыманне вайны ў Данбасе? А таксама ці будуць грошы на тэлепрапаганду?
Ну, на тэлепрапаганду – безумоўна. Тут у мяне няма сумневаў. Яна паказала сваю вельмі вялікую эфектыўнасць. Дарэчы, не толькі ў Расеі, але і агульна, давайце прызнаем, на пэўную аўдыторыю ў іншых краінах. Там ніякага зніжэння, там, можа быць, нават павелічэнне выдаткаў. Што да фінансавання якіх-небудзь аперацыяў у стылі гібрыдных войнаў, – я думаю, не. Акурат мне здаецца, што калі ва ўнутранай палітыцы нічога не будзе адбывацца бліжэйшымі гадамі, то ў вонкавай палітыцы я не выключаю, што Пуцін паспрабуе знайсці нейкія хады, каб аблегчыць санкцыі.
Санкцыі рэальна хваравітыя для эканомікі Расеі. Яны, дапусцім, перашкаджаюць атрымліваць інвестыцыі. Перашкаджаюць атрымліваць новыя тэхналогіі.
Пуцін, мабыць, неяк паспрабуе так лавіяваць, каб не адмовіцца ад нейкіх сваіх заваяванняў, напрыклад, Крыму. Ці, можа быць, нават Данбасу. І ў той жа час неяк аслабіць гэтую санкцыйную пятлю. Асабліва тое, што ўвяла Еўропа.
З ЗША сітуацыя нашмат складанейшая. Нейкага адкрытага ваеннага канфлікту няма, таму, я думаю, што наўрад ці. Гэта занадта небяспечна. Мне здаецца, што Пуцін усё ж такі не настаўлены на тое, каб ваяваць адкрыта. Гэта ўвогуле нясе небяспеку сусветнай вайны. Мне здаецца, гэта за мяжою любой логікі.
На пачатку 2010-ых праект Еўразійскага эканамічнага саюзу быў прыярытэтам для расейскай вонкавай палітыкі. Аднак пасля пачатку вайны ў Данбасе аб ЕАЗЭС першых асобаў расейскай дзяржавы практычна не згадвае. Ці можна прадказаць, што ў бліжэйшы прэзідэнцкі тэрмін Пуціна Расея вернецца да дачыненняў са сваймі Еўразійскімі партнёрамі і тых дачыненняў, якія існавалі да 2014 года?
Ну, Еўразійскі саюз ніхто не адмяняў. Ён будзе існаваць яшчэ досыць доўгі час, бо ёсць усё ж такі ўзаемныя эканамічныя інтарэсы ў тых краінаў, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз. Але ёсць такая вялікая сістэмная праблема ў гэтага ўтварэння. У адрозненне ад Еўразвязу, дзе на першым месцы – эканамічная супраца, тут амаль усе краіны ЕАЭС, тыпу Казахстану і Беларусі, якія меншыя, вядома, асцерагаюцца эканамічнага ціску з боку Расеі.
Бо калі 80 % сукупнага ВУП у ЕАЭС – гэта Расея, незалежна ад абставінаў узнікае пытанне пра тое, што акрамя чыста эканамічных сувязяў узнікаюць нейкія, напэўна, умовы, якія Расея ставіць нефармальна, але і ў сферы палітычнай. Але мы бачым, што ніводная з краінаў ЕАЭС не прызнала далучэння Крыму. Ніводная з краінаў не прызнала Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі. Казахстан цяпер наагул устрымаўся ў Радзе Бяспекі ААН у чарговай рэзалюцыі, звязанай з Сірыяй.
Я, безумоўна, бачу праблемы ў тым, што Расея не да канца прызнала суверэннасці ўсіх гэтых краінаў, якія ўваходзяць у Еўразійскі саюз. Уласна праз гэта шмат у чым узнік канфлікт з Украінаю.
Бо ў Расеі палітычная эліта дасюль традыцыйна лічыць, што Украіна – гэта частка нейкай вялікай краіны, якая называецца Расея. Неяк усё гэта часова, тое, што Украіна адышла, і рана ці позна далучыцца да нас у тым ці іншым выглядзе. Гэта вялікая памылка. Час пазбаўляцца ад гэтага комплексу, і тады, можа быць, ЕАЭС атрымае нейкую новую якасць.
Але я паўтараю, калі адная з краінаў мае пераважную эканамічную перавагу над іншымі, у адрозненні ад ЕЗ, дзе некалькі эканамічных цэнтраў, нават з гледзішча эканомікі, гэта вельмі вялікія праблемы.
Вяртаючыся да няроўнасці партнёраў у ЕАЭС, ці будзе расейскае кіраўніцтва помсціць Казахстану, Беларусі, Арменіі за нелаяльнасць?
Глабальна, вядома, не. Але нейкія дробныя ўкусы мы з вамі бачым. З Беларуссю тое ж самае, калі абмежаванне на ўвоз нейкіх тавараў, а раптам кантроль на мяжы паміж Расеяй і Беларуссю. Вось у Арменіі цяпер змянілася ўлада, і было заяўлена нашым кантрольным ведамствам, што, аказваецца, у армянскіх памідорах-агурках нешта такое ёсць, што не дазваляе ўвозіць іх у РФ. Але гэта, вядома, такія непрыемныя ўколы, якія не ствараюць атмасферы інтэграцыі ўнутры Еўразійскага саюзу.
Але агулам наўрад ці, бо Расея тады моцна рызыкуе, але не ў дачыненні Арменіі. Арменія сапраўды вельмі залежыць ад Расеі. У Арменіі папросту няма выбару. Але нават такая краіна, як Казахстан, можа мець нейкае поле для манеўру. Даволі шырокае, якое будзе Расеі не зусім прыемнае. Таму я думаю, Расея будзе сябе стрымліваць.
Як бліжэйшымі гадамі Масква будзе выбудоўваць свае ўзаеміны з Менскам? Крэмль паспрабуе ўзяць Менск пад большы палітычны кантроль? Быць можа, паспрабуе вярнуць эканамічныя субсідыі, якія былі ў пачатку 2000-ых? Ці Масква паспрабуе «адвязаць ад сябе нахлебніка»?
Дачыненні паміж Пуціным і Лукашэнкам, скажам так, несяброўскія, гэта відавочна, бо абодва бакі – краіны аўтарытарныя, дзе лідары, вядома, маюць ключавое значэнне. Лукашэнка, напрыклад, не прыехаў у Маскву на святкаванне 9 траўня. Ён рэгулярна гэта робіць. Ён робіць шмат якія заявы журналістам у сябе ў дачыненні Расеі.
Вельмі непрыязныя, акрамя Пуціна ў дачыненні нават расейскіх уладаў. Але, ведаеце, я думаю, стасункі ўзаемных уколаў, дакладней, з боку Расеі такіх заяваў наагул няма. З боку Расеі ёсць канкрэтныя дзеянні – гэткія маленькія ўколы ў сферы гандлю, мыта, коштаў, рэгулярна ўзнікае штогод праблема з коштамі, па якіх Расея пастаўляе нафту, той самы газ. Але бліжэйшымі гадамі, мне здаецца, тут мала што зменіцца. Вось такая вось палітыка ўзаемных папрокаў будзе працягвацца. Да разрыву, думаю, справа не дойдзе.
Іншых варыянтаў няма, бо відавочна, што Беларусь больш цесна з Расеяй ніколі не зблізіцца. Суперзаданне ў Крамля адное: каб Беларусь не сышла. Бо гэта сапраўды ключавы бок, нават праз геаграфічнае становішча. Мы выдатна разумеем, што гэта азначае. Я ніякіх рэвалюцыяў не чакаю, але гэта далёка не дачыненні ўнутрысаюзнай дзяржавы.
Я памятаю, колькі ілюзіяў было, калі яна стваралася. Цяпер Лукашэнка сапраўды здолеў забяспечыць Беларусь як суверэнную краіну, што б мы ні казалі. Прынамсі, да РФ. Ён мае свой голас, увогуле на роўных, і Пуцін вымушаны з гэтым лічыцца.
А што найбольш не падабаецца Пуціну, якія крокі Лукашэнкі, у культурніцкай сферы, ягонае сяброўства з Кітаем ці дачыненні з Захадам?
Вонкавая палітыка. Безумоўна, бо калі, напрыклад, пачалася сітуацыя з Украінаю, Лукашэнка замест таго, каб падтрымаць Пуціна, адышоў у бок, ён займае нейтральную пазіцыю. Ён быў ініцыятарам Менскіх пагадненняў, ён мае сяброўскія дачыненні і абменьваецца візітамі з Парашэнкам. Усяляк падкрэслівае, што Украіна – братэрская краіна. Вядома, я думаю, што гэта. Плюс гульні з Еўропаю. Лукашэнка ўсё ж такі спрабуе наладзіць нейкія больш-менш дзелавыя кантакты. Як бы паказвае Пуціну, што ён незалежны ў гэтым сэнсе. Але ў Лукашэнкі нашмат лепшыя стасункі з Захадам, чымся ў Пуціна. Я думаю, найперш вонкавая палітыка – тое, што не падабаецца Маскве.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінай Коўшык

Таксама ў праграме:

Стужка навінаў