Каля 17 гадзін стала вядома пра новы захоп закладнікаў ва Усходняй частцы Парыжу. Мужчына, узброены аўтаматам Калашнікава, уварваўся ў супермаркет кашэрных прадуктаў і захапіў прынамсі пяць асобаў, у тым ліку маці з двума дзецьмі. На месца выехаў кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў.
Браты Шэрыф і Саід Куашы, якія напалі на рэдакцыю сатырычнага штотыднёвіка «Charlie Hebdo», захапілі закладнікаў у мястэчку Дамартэн-ан-Гоэль, што размешчаным у 35 км на поўнач ад Парыжу.
Падазраваныя заблакаваныя ў будынку складу, які акружыла паліцыя і французскі спецназ. Вядома, што браты Куашы раней ваявалі на баку «Аль-Кайды» ў Іраку.
Раніцай 9 студзеня падазраваныя, узброеныя аўтаматычнай зброяй, угналі аўтамабіль і зладзілі страляніну на трасе.
Паліцыя пераследуе злачынцаў. У раён, дзе разгортваюцца падзеі, прыбыў спецназ і жандармерыя, у неба паднятыя верталёты, зона ачэпленая.
7 студзеня ў Парыжы трое ўзброеных ісламістаў напалі на рэдакцыю часопісу «Charlie Hebdo». Загінулі 2 паліцэйскіх і 10 журналістаў, у тым ліку галоўны рэдактар выдання Стэфан Шарбано.
Сярод загінулых падчас нападу быў муж беларускі. Як паведамляе газета «СБ, Беларусь сегодня», Мішэль Рэно, падарожнік, фатограф і журналіст, быў жанаты на сястры рэдактара міжнароднага аддзела «СБ» Ніне Раманавай.
«Charlie Hebdo» здабыў нелюбоў мусульманскай супольнасці яшчэ ў 2006 годзе сваймі карыкатурамі на прарока Мухамеда.
ДР, belsat.eu