Да бабруйцаў былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў прыехаў разам з жонкаю Веранікай, якая апошнім часам паўсюль яго суправаджае. Цягам гадзіны прэтэндэнт на прэзідэнцтва адказваў на пытанні, а потым Цапкалы пайшлі на бабруйскі рынак выбіраць гуркі і памідоры.
На ўласны пікет для збору подпісаў у Бабруйску Цапкала прыехаў у апошнюю нядзелю траўня. Месца было выбрана адно з самых людных у горадзе – каля цэнтральнага рынку. Але хоць гэта быў і выходны дзень, і дождж толькі часам крыху імжэў, людзей сабралася непараўнальна менш, чым на дзень раней на пікеце Святланы Ціханоўскай. Агулам Валера Цапкалу слухалі каля 50 чалавек.
Павітаўшыся з выбарцамі, Цапкала сказаў, што вельмі хоча з дарогі пайсці з жонкай на рынак набыць гародніну. Але людзі адразу пачалі задаваць пытанні. Бабруйцаў цікавілі адносіны з Расеяй, што стане з бабруйскімі прадпрыемствамі, адукацыяй, медыцынай, якія будуць пенсіі, калі Цапкала стане прэзідэнтам.
«Як дыпламат, я буду наладжваць адносіны з Расеяй, – адказваў Цапкала на пытанне пра саюз з усходняй суседкай. – Адначасова трэба і з Еўразвязам наладзіць, і з Амерыкай таксама. Не павінна быць так, каб у нас было тры сябры: Іран, Венесуэла і нейкая там афрыканская Нігерыя. Але ад Расеі мы нікуды не сыдзем. Гэта будзе наш пастаянны стратэгічна важны партнёр. У нас жа нават мова агульная. Так, у нас ёсць беларуская мова, але я ўжо казаў, што Беларусь у развіццё расейскай мовы ўнесла больш, чым Маскоўскае княства. Гэта ж наш Скарына пераклаў Біблію на рускую мову, а потым Сімяон Полацкі стварыў рускую граматыку. Таму з Расеяй у культурным плане мы заўсёды будзем разам. Але з усімі трэба сябраваць і знаходзіць агульную мову. Таму што гэта інвестыцыі, гэта грошы, новыя тэхналогіі».
Валер Цапкала лічыць, што Саюзную дзяржаву ў тым выглядзе, у якім яна ёсць сёння, трэба перагледзець, але некаторыя добрыя бакі пакінуць.
«Новая дамова паміж Расеяй і Беларуссю павінна адпавядаць рэаліям 21-га стагоддзя, а не канца 20-га, калі яна была заключаная. Шмат якія моманты ў саюзнай дзяржаве – добрыя. Гэта магчымасць для беларусаў і расейцаў свабодна паступаць у ВНУ, атрымліваць медычную дапамогу, ездзіць без візаў, уладкоўвацца на працу без атрымання дазволаў. Шмат добрых рэчаў, якія даюць нам магчымасць адчуваць сябе як дома ў Расеі, а расейцам – у нас. Але ёсць рэчы, якія трэба перагледзець».
«А як вы ставіцеся да расейскіх вайсковых базаў на нашай тэрыторыі?» – прагучала адно з пытанняў.
«Я не бачу ў іх сур’ёзнай праблемы для беларускага суверэнітэту, – адказваў Цапкала. – Калі яны сапраўды важныя для Расеі, я лічу, што яны могуць працягнуць сваю працу тут. Калі яны ніяк не ўмешваюцца ў беларускае палітычнае і эканамічнае жыццё і пры гэтым патрэбныя расейцам, то я лічу, яны павінны працягнуць сваё існаванне».
На пытанне пра будучыню беларускай адукацыі Валер Цапкала адказваў, што сярэдняя школа застанецца бясплатнай, а вышэйшая – як у большасці краін, будзе залежыць ад здольнасці вучняў. Калі чалавек добра вучыцца, ён атрымае падтрымку дзяржавы і фондаў, калі горш – будзе сам плаціць за адукацыю.
«Агульная сярэдняя адукацыя – гэта абавязак дзяржавы, таму яна бясплатная, – сказаў былы кіраўнік Парку высокіх тэхнілогіяў. – Вышэйшая – гэта ўжо права чалавека. У школу дзяржава павінна ўкладвацца, плаціць добрыя заробкі настаўнікам, мадэрнізаваць школы, рабіць камп’ютарныя класы».
«Наконт медыцыны. Я быў кансультантам ураду Грузіі. Для мяне тое, што яны зрабілі, – ідэал, – распавядаў Цапкала. – За дзяржавай яны пакінулі лякарні хуткай дапамогі і спецыялізаваныя цэнтры кшталту анкалагічнага, туберкулёзнага і да т. п. Паліклінікі агульнага профілю аддалі замежнаму інвестару. У выніку за чатыры гады былі пабудаваныя 200 новых паліклінік у раённых цэнтрах і сельскай мясцовасці. Цалкам мадэрнізавалі гарадскія паліклінікі – яны ператварыліся ў бізнес-структуры, якія змагаюцца за дактароў, даюць ім добрыя заробкі. А пацыент можа выбраць сабе доктара і паліклініку, карыстаючыся страхоўкай. Для лекаў трэба адмяніць нацыянальную сертыфікацыю, а пакінуць еўрапейскія і амерыканскія сертыфікаты. Калі яны ёсць, адразу браць лекі і карыстацца імі, а не рэгістраваць іх тут цягам года, каб праверыць, ці яны працуюць на беларусах. Паверце, калі працуе на немцах ці англічанах, спрацуе і на беларусах».
Адказваючы на пытанне пра пенсіі, Валер Цапкала падкрэсліў, што катэгарычна супраць падвышэння пенсійнага ўзросту, што 60 гадоў для мужчынаў, а 55 – для жанчын – гэта аптымальны ўзрост сысці на адпачынак. Памер жа пенсіяў мусіць быць 450–500 долараў у эквіваленце.
«Што вы зрабілі, каб адпусцілі Ціханоўскага?» – пыталіся бабруйцы.
«Учора мы зрабілі тое, што маглі: паставілі подпіс за Святлану Ціханоўскую, – адказваў Цапкала.
«Пра які кампрамат казаў Лукашэнка і за што ён вас звольніў?» – было наступнае пытанне.
«Не ведаю, няхай публікуе, – адказваў Цапкала. – У яго запытайцеся пра звальненне. Гэта было звязана з маім выступам супраць пасадак бізнесменаў, таго ж Пракапені. У мяне быў сур’ёзны канфлікт з генеральным пракурорам з гэтай нагоды. Звольнілі спачатку мяне, потым Якубовіча, галоўнага рэдактара «Советской Белорусии». Пачытайце там маё інтэрв’ю. Яно вельмі злое, гэта было якраз тры гады таму. Пачытайце – і ўсё зразумееце».
У адказ на пытанне пра беларускую мову Валер Цапкала паабяцаў, калі стане прэзідэнтам, размаўляць на роднай мове.
«Я не вельмі добра размаўляю па-беларуску, але абяцаю, што буду старацца ўзгадаць свой багаж. У мяне, дарэчы, па рускай мове была чацвёрка у школе, а па беларускай мове і літаратуры – пяць. Абяцаю навярстаць і размаўляць па-беларуску».
НА belsat.eu