Валер Цапкала даў прэс-канферэнцыю. «Белсат» ладзіў СТРЫМ


Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, экс-кіраўнік ПВТ Валеры Цапкала даў сваю першую прэс-канферэнцыю ў чацвер, 21 траўня. «Белсат» вёў жывую трансляцыю.

19 траўня ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Валера Цапкалы, у якую ўвайшло 886 чалавек. Ад 22 траўня яны пачнуць збор подпісаў.

Прэс-канферэнцыя Валера Цапкалы, фота: Аляксандр Любянчук / Belsat.eu

Будучыня Беларусі — у прыватным капітале

«Апошнія 10 гадоў я меў магчымасць бачыць, як буйна змяняецца свет, як расце ВУП ЗША. За апошнія 10 гадоў мы бачылі, як расце эканоміка краін Еўразвязу. Польшча, Чэхія дасягнулі каласальных поспехаў. Мы бачылі, як за апошнія 10 гадоў другой эканомікай свету стала эканоміка Кітаю – сярэдні зараз змяніўся з $ 300 да $ 800. Аднак ВУП Беларусі нават упаў, толькі знешні доўг павялічыўся», – так пачаў свой выступ Валеры Цапкала.

Ён адзначыў, што ў Беларусі не бачаць зараз перспектыў і вобраз заўтрашняга дня. Ён кажа, што Беларусі патрэбна мадэрнізацыя ва ўсіх галінах. У першую чаргу прамысловасці, якая мусіць быць прыватызаваная. Прыватная ўласнасць паводле Цапкалы – гэта інвестыцыі, змена стаўлення для людзей.

Валер Цапкала, фота: Аляксандр Любянчук / Belsat.eu

Ён мяркуе, што сельскай гаспадарцы таксама патрэбныя змены. Там таксама мусіць быць прыватная ўласнасць, лічыць былы кіраўнік ПВТ.

Цапкала заклікае перанакіраваць рэсурсы на падтрыманне заводаў на адукацыю і ахову здароўя.

«Вакол настаўнікаў мусіць будавацца ўся наступная эканамічная палітыка. Адукаваны чалавек можа здзейсніць значна больш цудаў, чым цэлюлозны камбінат», – кажа ён.

Ён заклікае разглядаць ролю дзяржавы інакш. Беларуская дзяржава вельмі актыўна рэгулявала бізнес, аднак калі прыйшла пандэмія – аніхто дзяржаву не пабачыў. Асабліва гэта закранула адукацыю, медыцыну.

Мадэрнізацыя – наш адзіны шанец

Цапкала пазітыўна прыгадвае досвед Кітая ў барацьбе з пандэміяй каронавірусу.

«Яны прадэманстравалі высокую адказнасць і тое, што кожны чалавек мае для іх сваю каштоўнасць. Дзяржава змагаецца за гэтых людзей».

Валер Цапкала, фота: Аляксандр Любянчук / Belsat.eu

У сваёй прамове Цапкала наракае на якасць беларускага будаўніцтва. Згадвае жыллёвы комплекс «Маяк Менску», распавядае як ён працаваў у Малайзіі.

«Я запытаўся ў тамашніх будаўнікоў, ці даюць іхныя дамы ўсадку. Яны нават не зразумелі, аб чым гаворка! Настолькі там якасна будуюць», – кажа ён.

Мадэрнізацыя паводле Цапкалы – гэта запазычанне лепшых замежных узораў. Паводле яго – гэта шанец для краіны ўвайсці ў спіс высокаразвітых дзяржаў.

«Нам трэба прызнацца, што нехта ў нейкіх пытаннях робіць лепей за нас. Так мы і развівалі IT-індустрыю. Мы прызналі, што ўжо ёсць тэхналогіі з Еўропы, ЗША».

«Не трэба звяртацца да гісторыі і шукаць вінаватых»

На пытанне карэспандэнта «Белсату» аб тым, хто вінаваты ў праблемах Беларусі, Валер Цапкала адказаў, што ён не хоча звяртацца да гісторыі.

«Я хачу глядзець на тыя краіны, якія здолелі за кароткі час выйсці наперад. Давайце глядзець у будучыню, а не ў мінулае. Нават калі мы і адкажам на гэтае пытанне, то яно не дасць нам ключа куды ісці», – заявіў ён.

Цапкала сказаў, што заробкі чыноўнікаў мусяць быць прывязаныя да прыбыткаў прадпрыемстваў, як гэта зроблена ў Сінгапуры. Паводле яго, роля дзяржавы не ўмешвацца ў бізнес, але быць толькі вартаўніком.

Прэс-канферэнцыя Валера Цапкалы, фота: Аляксандр Любянчук / belsat.eu

Згадваючы сваю працу ў камандзе Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе, Валер Цапкала кажа, што менавіта з дзейным кіраўніком краіны звязваліся надзеі на змену элітаў. Тады Лукашэнка быў блізкі да вясковых жыхароў.

«Ён ведаў, колькі ад свінаматкі мусіць нарадзіцца парсюкоў, колькі курэй мусіць пакрыць певень. Але даўно трэба адыходзіць ад гэтых традыцыйнага вясковых укладаў. Мы мяняем цэлы ўрад, бо ў кароўніка пахіснуўся дах. Але трэба ўсю сістэму мяняць! Не ў іх будучыня».

Ён кажа, што ў Беларусі не павінна быць дзялення на ворагаў і сяброў.

«Мы мусім казаць, што мы адна краіна, адзін народ і весці дыялог. А хто з кім быў – якая розніца?».

Прэс-канферэнцыя Валера Цапкалы, фота: Аляксандр Любянчук / Belsat.eu

Пра свабоду СМІ

Журналістка dev.by Ніна Шулякова згадала выпадкі, калі Валер Цапкала яшчэ на пасадзе кіраўніка ПВТ ціснуў на журналістаў розных выданняў, у тым ліку на dev.by і TUT.by. На яе пытанне, ці будзе Цапкала на пасадзе прэзідэнта карыстацца сваім становішчам, каб ціснуць на бізнес і медыі, Цапкала дакладнага адказу не знайшоў.

«Я лічу, што на dev.by не было ціску. Мне проста было цікава даведацца, ці адпавядае бягучая рэдакцыйная палітыка першапачатковым мэтам рэсурсу».

Ціск на TUT.by ён таксама адмовіў.

«Я не быў у рангу чыноўнікаў, таму не мог ані на каго ціснуць нават тэхнічна», – сцвярджае Цапкала.

Hавiны
Цапкала заявіў, што ён «не ў апазіцыі да дзейнай улады» і забараніў публікаваць інтэрв’ю
2020.05.12 17:34

Ён зазначыў, што выступае супраць цэнзуры СМІ, аднак эксклюзіўныя інтэрв’ю мусяць узгадняцца. Паводле яго асноўная ідэя свабода медыяў – у магчымасці адлюстроўваць розныя інтарэсы бізнесаў.

«Я не хачу, каб беларусы з’язджалі за мяжу, каб у нас станавілася ўсё меней жыхароў. Гэта трагедыя для краіны!»

«Дамоў трэба прытрымлівацца»

Валер Цапкала адзначыў, што ў яго моцная каманда, якая здолее сабраць неабходную колькасць, нягледзячы на тое, што ў ініцыятыўных групах канкурэнтаў большая колькасць людзей. Збіраць подпісы будуць не толькі ў Менску, але і ў іншых буйных гарадах. Цапкала запэўніў, што мае актыў у абласных гарадах і буйных раённых цэнтрах.

Валер Цапкала, фота: Аляксандр Любянчук / belsat.eu

Тэма Саюзнай дзяржавы, паводле Цапкалы, «няпростая». Ён зазначыў, што «дамоў трэба прытрымлівацца», і нагадаў, што Беларусь патрабавала ад Расеі выконваць толькі эканамічную частку – танную нафту і газ.

«Пры гэтым мы разам з Расеяй не выконвалі блок палітычнай часткі гэтай дамовы. Калі Расея летась паставіла ўльтыматум аб коштах на нафту, мне падаецца, гэта было даволі справядліва», – сказаў Цапкала.

Пра сувязь Беларусі і Расеі

Ён прыгадаў, што Беларусь і Расея звязаныя вельмі доўгай гісторыяй.

«Я перакананы, што мы, нашыя землі, беларусы зрабілі больш значны ўнёсак у развіццё расейскай мовы, чым гэта зрабіла Маскоўскае княства».

Цапкала кажа, што беларусы і рускія не адчуваюць псіхалагічнай розніцы паміж сабой.

«Нашая культурная блізкасць, шматгадовае ўзаемадзеянне мусіць вызначаць наш саюз з Расеяй. Але не варта забывацца пра ЗША і Еўразвяз таксама».

Пытанне ад TUT.by ці з’яўляецца ён спарынг-партнёрам Лукашэнкі Валер Цапкала «не вельмі зразумеў». Ён падкрэсліў, што самастойна прыняў рашэнне балатавацца.

«Мае погляды – яны ад сэрца, я іх выпакутаваў».

Валер Цапкала, фота: Аляксандр Любянчук / Belsat.eu

У Беларусі мусіць застацца дзве дзяржаўныя мовы: расейская і беларуская, бо беларусы «больш чым хтосьці інвеставалі ў стварэнне расейскай мовы». Таму расейская мова – спадчына, энергетыка і духоўная культура Беларусі і з’яўляецца «нашай вечнай каштоўнасцю».

Hавiны
Цапкала пра сваю перадвыбарчую праграму: «яе змест будзе такі ж захапляльны для вас як і для мяне»
2020.05.10 22:48

КА/КТ belsat.eu

Стужка навінаў