Помнік Шарамету адкрыюць у Менску ўжо на гэтым тыдні


29 красавіка на сталічных Паўночных могілках адкрыюць помнік Паўла Шарамета. Цырымонія адбудзецца ў нядзелю а 15 гадзіне.

Журналіст загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху ягонага аўта ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Акалічнасці яго смерці да гэтага часу не расследаваныя, нягледзячы на тое, што ўкраінскія ўлады звярнуліся па дапамогу да ФБР.

У якасці асноўнай версіі забойства ўкраінская паліцыя разглядае помсту за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, з-за асабістых матываў або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага – уладальніца «Украинской правды» Алена Прытула, Шарамет у момант трагедыі ехаў на яе аўце).

Летась міжнародная няўрадавая арганізацыя «Камітэт па абароне журналістаў» (CPJ) апублікавала адмысловы даклад да гадавіны смерці Шарамета. У ім гаворыцца, што за мінулы год Украіна не прасунулася ў расследаванні забойства. За расследаванне адказваюць тры пракуроры, па справе дапыталі каля трох тысячаў чалавек, але дагэтуль няма ніводнага падазраванага.

Аўтары справаздачы звярнулі ўвагу на тое, што ўкраінскія ўлады спрабуюць выявіць у забойстве Шарамета расейскі след, хоць ёсць не менш ускосных сведчанняў таго, што да забойства мог мець дачыненне нехта з Украіны.

Сузаснавальнік міжнароднага журналісцкага праекту па даследаванню карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP Дру Саліван лічыць, што да забойства Паўла Шарамета датычныя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў.

У ноч, калі невядомыя асобы заклалі ў аўтамабіль Алены Прытулы бомбу, у камеры відэаназірання патрапіў былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны (СБУ).

Нацыянальная паліцыя і МУС Украіны ў перапісцы з CPJ адмовіліся наўпрост адказаць на пытанне, ці падазраюць у забойстве Шарамета каго-небудзь з уладных структур або звязаных з імі людзей. А СБУ дачыненне свайго былога супрацоўніка да гэтага злачынства адмаўляе.

Дабрацца да Паўночных могілак можна самастойна або транспартам, які арганізуе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Ад’езд ад офісу БАЖ па вуліцы Кальварыйскай, 16 запланаваны на 14:00.

ДД

Стужка навінаў