Польскія гусары і беларускія шкоты пабіліся за Мірскі замак

Фота

Мірскі замак . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Замест парада на Дзень працы ў Мірскім замку адбыўся гістарычны момант – ў замак вярнулася каралеўская вайсковая шляхта эпохі росквіту Рэчы Паспалітай.

На запрашэнне Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Горадні Ярослава Ксёнжка, гістарычныя рэканструктары з усёй Польшчы, а таксама Чэхіі і Венгрыі ўпершыню выехалі паза межы Горадні і адправіліся штурмаваць беларускія замкі.

Каралеўскія гусары ў Мірскім замку. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Ярослаў Ксёнжэк. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Госці прывезлі з сабой шляхецкія і вайсковыя строі, у якіх аднавілі побыт ваяўнічай шляхты Рэчы Паспалітай.

Мірскі замак для шляхецкай рэканструкцыі – месца асаблівае. Некалькі пакаленняў тут княжылі Радзівілы, якія маглі насіць падобную вопратку ў 16, 17 і 18 ст.

Каралеўскія гусары ў Мірскім замку. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Беларускія шкоты

У Мірскім замку прастаўнікі гістарычных клубаў Польшчы выступілі разам з шатландцамі. Тэатр “Шатландская пяхота” выступае ў Мірскім замку не ўпершыню, аднак дагэтуль мала хто ведае, што “шкоты” (так называлі іх у ВКЛ) мелі да беларускай гісторыі і рода Радзівілаў самае непасрэднае дачыненне. На нашых землях шкоты з’явіліся яшчэ ў 16 ст., і, акрамя таго, прывезлі з сабой першую манету.

Тэатр “Шатландская пяхота” у Мірскім замку. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

“Шкоты збягалі ў Рэч Паспалітую ў большасці з прычыны рэлігійных ганенняў. Яны былі кальвіністамі, а Радзівілы кальвінісцкай лініі ахвотна прымалі іх у якасці наёмнікаў. Януш Радзівіл разам з сынам Багуславам заснавалі для іх нават цэлыя паселішчы ў Слуцку і Кейданах. Акрамя вайсковай службы шкоты займаліся дробным гандлем і стваралі канкурэнцыю мясцовым жыдам. Некаторыя тавары былі настолькі імі манапалізаваныя, што нават атрымалі назву “рэчы шкоцкія”, – гэта ручнікі, рукавіцы, пацеркі і бялілы, венікі, нажы, ніткі і іголкі, панчохі”, – тлумачыць адзін з актораў тэатра Віталь Конан.

Віталь Конан, удзельнік тэатру “Шатландская пяхота”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Шкот з яскрава рудай барадой раптам працягвае маленечкую манетку.

Другі шатландскі пені – адна з першых манет, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

“Гэта сапраўдны двайны шатландскі пені 1632 года – адна з першых гандлёвых манет на тэрыторыі Беларусі. Мы купілі яе ў нумізмата. Гэта арыгінал. Яны ў нас не дарагія, таму што ў Беларусі іх знаходзяць даволі шмат”, – дадае спадар Віталь.

Бітва шкотаў і гусараў

Дзеля забавы гасцей замка і шматлікіх турыстаў каралеўскія гусары разам са шкотамі распачалі ўяўны штурм Мірскага замка. Палеглых было шмат па абодвух баках, аднак гэтым разам “шкотам” удалося ўзяць замак.

Каралеўскія гусары ў сваю чаргу працягваюць свой тур па беларускіх замках і 2 траўня выступяць у Лідзе а 16-й гадзіне, пасля чаго накіруюцца ў Нясвіж.

Мірскі замак. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары