25 тысяч масак і 7,5 тысяч літраў дэзынфікуючых сродкаў сёння прыбылі з Польшчы адно для Гарадзеншчыны. Яшчэ большая колькасць дапамогі ў хуткім часе даедзе да Менску ды іншых беларускіх гарадоў.
Калона з шасці грузавых аўто ўчора выехала з Варшавы і ўжо сёння раніцай перакрочыла польска-беларускую мяжу. Гэта дапамога з боку Ураду Польшчы ды адпаведных фондаў для лякарняў Беларусі. Канвой зарганізаваў Фонд міжнароднай салідарнасці, транспартаваннем займаліся супрацоўнікі пажарнай службы Польшчы.
Капітан пажарнай службы Якуб Січэк, які суправаджае канвой, распавядае, што ў Горадню і Воранава трапіць 25 тысяч масак і 7,5 тысяч літраў дэзынфікуючых сродкаў. У Менск, у сваю чаргу, ужо сёння будзе дастаўлена 70 тыс літраў дэзынфекцыі, 75 тыс масак і 1000 адзінак лекаў. Адтуль, магчыма, дапамога будзе размеркаваная і ў іншыя гарады. Паводле капітана, праблемаў з пераездам мяжы не было, а сам фармат супрацы ён характарызуе станоўча.
– Гэта адказ на ініцыятыву беларускага боку, які звярнуўся да некалькіх дзяржаваў па дапамогу, – кажа генеральны консул РП Яраслаў Ксёнжэк. – Наколькі я ведаю, Польшча адгукнулася першай! Мы суседзі і вельмі хочам быць добрымі суседзямі, якія дапамагаюць адно аднаму, асабліва ў бядзе. Калі добра – то добра, але калі надыходзяць цяжкія часы, тады акурат праяўляюцца якасці суседзяў. Маю надзею на працяг падобнай супрацы і ў цяжкія, і ў добрыя часы.
Першым прыстанкам гуманітарнага канвою па беларускім баку стала Гарадзенская абласная інфекцыйная клінічная лякарня. Там патрэбную колькасць дапамогі выгрузілі працоўныя ў масках ды касцюмах хімічнай абароны.
Паводле галоўнага лекара больніцы Сяргея Ціхановіча, дапамога пойдзе на апрацоўку боксаў і памяшканняў, дзе знаходзяцца пацыенты з каронавіруснай інфекцыяй, а таксама для абароны медперсаналу.
– Сітуацыя на сёння ў Гарадзенскай вобласці стабільная. Колькасць дабаўляецца, але не тымі тэмпамі, якіх мы чакалі. Таму лавінападобнага паступлення пацыентаў няма. Лабараторыі працуюць за кошт павелічэння колькасці абследаванняў, – кажа сп. Ціхановіч.
Сама інфекцыйная лякарня запоўненая не поўнасцю: толькі першае аддзяленне, застаецца яшчэ рэзерв. На сённяшні момант тут ляжыць 102 чалавекі з COVID-19.
– Па сродках абароны мы цалкам забяспечаныя, але маем быць гатовыя да кожнага варыянту развіцця падзеяў. Па Гарадзенскай вобласці найменшая колькасць інфікаваных па краіне. У нас 190 чалавек на ўчорашні дзень інфікаваных каронавірусам. Калі казаць пра іншыя вобласці, то там, канешне, нашмат большыя лічбы, – кажа лекар.
Сяргей Ціхановіч вельмі дзякуе польскаму боку, бо дапамога для Гарадзеншчыны вельмі своечасовая.
– Пандэмія зачыніла межы, але яна аб’ядноўвае людзей, – дадае медык на развітанне.
АК, ПЯ, фота Васіль Малчанаў belsat.eu