«Перакрылі кісларод, таму выганяюць усіх». Кандыдата знялі за 2 дні да выбараў


Пікет Аляксандра Комара. Фота: АГП

Выбарчая камісія Бабруйскай Ленінскай акругі № 78 за два дні да выбараў, 15 лістапада, пазбавіла рэгістрацыі кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Комара.

Афіцыйнымі прычынамі зняцця з выбараў стала тое, што давераная асоба кандыдата Галіна Смірнова, не паказаўшы дакументы, на адным з участкаў правяла апячатванне скрыні для галасавання, «размаўляла на павышаных танах», патрабавала пратакол паседжання камісіі.

За месяц выбараў у Беларусі стала на 47 кандыдатаў менш

Самога Комара вінавацяць у тым, што ён называў чальцоў камісіі «фальсіфікатарамі», а другая яго давераная асоба – Алег Жалноў – пагражаў старшыні камісіі крымінальнай адказнасцю.

«Перакрылі мы ім кісларод, таму выганяюць усіх. Усе ўчасткі на акрузе закрытыя назіральнікамі, таму яны і пачынаюць нервавацца, пісаць усялякую лухту. Каб нарабіць «парушэнняў» і павыганяць», – заявіў Аляксандр Комар у каментары belsat.eu.

Таксама 15 лістапада было вынесенае папярэджанне кандыдатцы ад БХД Юліі Чарняк, якая балатуецца па гэтай жа акрузе ад сацыял-дэмакратаў.

Яе звінавацілі ў тым, што яна 14 лістапада правяла агітацыйны пікет, папярэдзіўшы пра яго ў дзень правядзення.

ЦВК: Датэрмінова ўжо прагаласаваў кожны чацвёрты

На 78-ай акрузе ў парламент балатуецца дзейная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Рынейская. Агулам было зарэгістравана 9 кандыдатаў, але двое з іх – прадстаўнікі Справядлівага свету і ліберал-дэмакратаў – самі зняліся з выбараў. Кандыдата ад АГП знялі ўлады.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары