ПДВ паднялі ўдвая. Вось якія кандытарскія вырабы падаражэюць у Беларусі


З 1 студзеня ў Беларусі павысілі падатак на дададзеную вартасць на некаторыя тавары пры іх продажы і ўвозе ў краіну. Набыў моц абноўлены Падатковы кодэкс. Стаўку пададтку на дададзеную вартасць для некаторых тавараў павялічылі ў два разы.

Змены закранулі некаторыя харчы пры іх продажы ў Беларусі, пры ўвозе ў краіну.

«З 1 студзеня 2021 г. асобныя пазіцыі харчовых тавараў пры іх рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры іх увозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь абкладаюцца ПДВ паводле стаўкі памерам 20 % замест раней стасаванай стаўкі ПДВ памерам 10 %», – пракаментавалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Гаворка ідзе пра хлеб і мучныя кандытарскія вырабы. Раней стаўка 20 % была толькі ў чыпсаў і снэкаў. Але цяпер такі падатак будзе на печыва, кексы і мафіны, вафлі ды вафельныя трубачкі і пласціны, салодкія рулеты, а таксама рысавую і соевую паперу.

Павялічаны падатак на харчовыя тавары, як і на лекі, медвырабы і тавары для дзяцей, уключаць у кошт да лютага 2021 года. Гэта значыць, з пачатку наступнага месяца ў крамах вырастуць кошты. Аднак у гандлёвых сетак ёсць магчымасць падзяліць рост ПДВ з пакупнікамі ды зменшыць гандлёвую нацэнку, каб кошты выраслі не надта моцна.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў