Пажар у чарнобыльскай зоне падбіраецца да АЭС

Лясны пажар у чарнобыльскай зоне ў 30 км ад АЭС. 12 красавіка 2020 года. Фота: REUTERS TV / Reuters / Forum

Насуперак намаганням пажарнікаў агонь ужо ў дзвюх кіламетрах ад сховішча радыеактыўных адкідаў, заявіў чалец грамадскай рады пры Дзяржаўным агенцтве па кіраванні зонаю адчужэння (ДАЗВ) Яраслаў Емяльяненка ў «Фэйсбуку».

«Або да Кабміну не даносяць рэальную сітуацыю, або ён абраў палітыку замоўчвання савецкай улады, як у 86-м годзе, – напісаў Яраслаў Емяльяненка. – Агонь дабраўся да Прыпяці і знаходзіцца ў двух кіламетрах прама ад сховішчаў радыеактыўных адкідаў «Падлесны», дзе размешчаныя найбольш высокаактаўныя радыяцыйныя адкіды ўсёй Чарнобыльскай зоны, і з самой ЧАЭС».

Емяльяненка заяўляе пра адсутнасць належнай рэакцыі з боку ўраду і Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў (ДСНС).

«Зайдзіце на старонкі Кабміна, ДСНС і профільных дзяржустановаў – у іх усё пад кантролем і ўсё нармальна. Недзе гарыць, але гэта ок. І тое, што гэтая серыя падпалаў, паводле ўсіх юрыдычных прыкметаў, з’яўляецца тэрарыстычным актам, які зараз выйдзе за межы краіны і стане міжнародным – гэта нармальна, не звяртайце ўвагі, сітуацыя штатная. На месца не дапускаюць валанцёраў і журналістаў», – дадаў ён.

Па стане вечар 13 красавіка, на тушэнні пажараў у зоне адчужэння задзейнічаныя 415 чалавек і 98 адзінак тэхнікі, у тым ліку авіяцыя, падае ДСНС.

У тушэнні пажараў у чарнобыльскай зоне задзейнічаныя верталёты і самалёты. Фота – dsns.gov.ua

Паводле ТСН, пажар у зоне адчужэння знішчыў, між іншага, прынамсі 12 закінутых вёсак і падабраўся да Чарнобыльскай АЭС.

Падпалы, сухое надвор’е, негатовасць ратаўнікоў

Лясныя пажары ў Чарнобыльскай зоне цягнуцца ўжо тыдзень. Першыя 20 гектараў у зоне адчужэння загарэліся 4 красавіка каля вёскі Уладзіміраўка.

6 красавіка кіеўская паліцыя заявіла, што ў падпале травы, які прывёў да ляснога пажару, прызнаўся 27-гадовы жыхар вёскі Рагоўка.

Эксперты заяўляюць, што наўрад ці ў пажарах вінаваты адзін чалавек: маўляў, украінскія сяляне часта падпальваюць траву, каб яе не араць. Да гэтай праблемы дадалося таксама сёлетняе сухое надворʼе пасля бясснежнай зімы, а таксама агульная непадрыхтаванасць ратаўнікоў да тушэння лясных пажараў.

ДД belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны